У райвыканкаме. Прафілактыкі шмат не бывае

Важнае Улада

На пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта абмеркавалі дзве надзённыя тэмы: падрыхтоўку суб’ектаў гаспадарання да ацяпляльнага перыяду і папярэджанне на Дзятлаўшчыне рэцыдыўнай злачыннасці.

Першы намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Дзяніс Аўраменкаў адзначыў, што, у параўнанні з аналагічным перыядам 2022 года, суб’екты прафілактыкі Дзятлаўскага раёна дабіліся зніжэння колькасці злачынстваў, учыненых асобамі з нязнятай і непагашанай судзімасцю (з 46 да 29).

– Аднак прафілактыкі шмат не бывае. Нягледзячы на агульнае зніжэнне ўзроўню рэцыдыўнай злачыннасці, ён па-ранейшаму застаецца высокім – 33 %, – адзначыў выступоўца.

Усяго на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі дзятлаўскай міліцыі знаходзіцца 219 асобаў, пры гэтым 67 значацца як непрацуючыя. У бягучым годзе накіравана 10 раней судзімых у лячэбна-працоўны прафілакторый.

Арганізавана мэтанакіраваная работа назіральнай камісіі па працаўладкаванні такіх грамадзян, іх бытавым уладкаванні, своечасовым рэагаванні на існуючыя парушэнні парадку і ўмоваў адбыцця пакарання і здзяйснення іншых правапарушэнняў. Функцыянуе і актыўна выкарыстоўваецца пакой для часовага знаходжання грамадзян, якія маюць судзімасць, трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, не маюць жылля на перыяд вырашэння іх працоўнага і бытавога ўладкавання.

На пасяджэнні гаварылі, што да кожнага, хто “спатыкнуўся”, члены назіральнай камісіі, участковыя інспектары, кіраўнікі сельвыканкамаў падыходзяць індывідуальна. Вызваленыя з месцаў пазбаўлення волі, хто не можа працаўладкавацца, рэгіструюцца ва ўпраўленні занятасці насельніцтва ў якасці беспрацоўных. Тым, хто мае патрэбу ў сацыяльнай абароне і не здольны на роўных умовах канкурыраваць на рынку працы або не мае спецыяльнасці, прапануюць прайсці навучанне на курсах службы занятасці. На жаль, ёсць такія, хто прынцыпова не жадае працаваць. А калі няма сродкаў для існавання, непазбежна адбываецца ўчыненне злачынстваў з мэтай нажывы.

Сярод саветаў грамадскіх пунктаў аховы парадку найбольш рэзультатыўна працуюць з асобамі, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі, саветы

Новаяльнянскага, Вензавецкага, Казлоўшчынскага сельвыканкамаў.

Па выніках пасяджэння было прынята рашэнне, у якім прадугледжаны меры для захавання станоўчых тэндэнцый у зніжэнні рэцыдыўнай злачыннасці на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна.

Што датычыцца другога пытання пасяджэння, намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік, пад кіраўніцтвам якога праходзіла мерапрыемства, падкрэсліў, што падрыхтоўка да ацяпляльнага сезона 2023-2024 года знаходзілася на пастаянным кантролі, своечасова былі зацверджаны і даведзены да суб’ектаў гаспадарання графікі рэгістрацыі пашпартоў гатоўнасці ведамасных цеплакрыніц і спажыўцоў цеплавой энергіі.

РУП ЖКГ да пачатку ацяпляльнага сезона ў поўным аб’ёме выкананы прафілактычны рамонт усяго кацельнага абсталявання (18 адзінак), праведзена праверка, устаноўка і наладка прыбораў уліку цяпла і газу.

Зарэгістраваны пашпарты гатоўнасці 18 цеплакрыніц. Па стане на 22 верасня праведзена прафілактычнае абслугоўванне 131,6 км водаправодных сетак, 48 артэзіянскіх свідравін, 3 водаразборных калонак, рамонт 3 пажарных гідрантаў і адной водаразборнай калонкі.

Ажыццёўлена прамыванне 11 км сетак каналізацыі, рамонт 3 помпаў на каналізацыйна-помпавай станцыі. Выкананы рамонт сістэм ацяплення ў 87 жылых дамах, 78 цеплавых пунктаў (вузлоў). У 29 жылых дамах адрамантавана электрычнае абсталяванне.

Дзятлаўскім раёнам газазабеспячэння завяршаецца рэалізацыя арганізацыйна-тэхнічных мерапрыемстваў, якія дазволяць забяспечыць устойлівую і надзейную работу газаразмеркавальных сістэм, аварыйна-рамонтных службаў у зімовы перыяд. Праведзена замена састарэлага бытавога абсталявання ў спажыўцоў у колькасці 490 адзінак, тэхнічнае абслугоўванне бытавога газавага абсталявання ў насельніцтва ў колькасці 2503 адзінак.

Дзятлаўскім раёнам электрычных сетак да пачатку ацяпляльнага перыяду зроблены капітальны рамонт паветраных ліній 10 кВ працягласцю 31,77 км, паветраных ліній 0,4 кВ працягласцю 40,47 км, 34 трансфарматарных падстанцый. Расчышчаны прасекі каля паветраных ліній 10 кВ, высечаны небяспечныя дрэвы, прылеглыя да прасек паветраных ліній на плошчы 3,2 га.

Разам з тым быў парушаны тэрмін рэгістрацыі пашпартоў гатоўнасці некаторымі арганізацыямі: Дзятлаўскім філіялам Гродзенскага аблспажыўтаварыства, КСУП “Жукоўшчына”, раённым цэнтрам па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных і іншых арганізацый, РУП ЖКГ, лікёра-гарэлачным заводам “Алгонь” – кіраўнікі трымалі справаздачу.

Рашэннем райвыканкама камунальнай і дарожнай службам устаноўлены тэрмін да 15 кастрычніка падрыхтаваць да работы ў зімовых умовах спецыяльную камунальную і снегаўборачную тэхніку; неабходны запас пясчана-салянай сумесі для падсыпкі вуліц і дарог у асенне-зімовы перыяд.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga