Учора даставала карэспандэнцыю з паштовай скрыні і чарговы раз з яе высыпаўся стос рэкламных лістовак.
З цікавасцю адзначыла, што на гэты раз рэкламавалі не вокны, дзверы і нацяжную столь, а цудадзейныя лекавыя травы, якія, па меркаванні аўтараў, дапамагаюць калі не ад усіх хваробаў на свеце, то ад унушальнага іх спісу.
Дзіву даюся, што чым далей мы ідзём у накірунку ўсебаковага прагрэсу, тым больш знаходзіцца шарлатанаў і цемрашалаў, якія гэтаму вераць.
Думаю, ніхто ўжо не здзіўляецца ролікам ва ўсіх сацыяльных сетках, дзе народныя дактары лечаць сваім цудадзейным спосабам міому, грыжу і ледзь не апендыцыт. Аднак з настойлівай рэкламай можна сутыкнуцца і ў “афлайн” жыцці, нашай паўсядзённасці.
Вам прапаноўвалі біядабаўкі? Мне так. Аднаго дня я даведалася, што ў маім бедным арганізме не хапае хларафілаў, мікраэлементаў і жыццёвай энергіі, што гэта відаць няўзброеным вокам і дапаможа толькі пэўны прэпарат. А калі ўзяць два-тры комплексы, то яшчэ і знешнія параметры палепшацца.
– Чаго ты разважаеш? Суседцы дапамагло, яна і дачцэ ўзяла, важныя начальнікі таксама набываюць…
Я не знайшлася, чым парыраваць, проста падзякавала, адмовілася, а пра сябе падумала: цікава, што на гэту тэму думаюць дактары, якія сем гадоў дасканала вывучалі прафесію, праходзілі інтэрнатуру і дагэтуль пастаянна павышаюць сваю кваліфікацыю, каб эфектыўна лячыць людзей? Якія праводзяць дыспансерызацыю, прафагляды, каб комплексна ацаніць здароўе і стан чалавека. Думаю, яны бяруцца за галаву, адчуваючы здзіўленне і расчараванне, бо ўсе самалекары рана ці позна прыходзяць да іх на прыём. І тады вельмі хочацца сказаць:
– А мы ж папярэджвалі…
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga