Работа ў органах следства – напружаная і няпростая, але і настолькі ж цікавая.
У сваёй дзейнасці часам следчыя вядуць такія справы, у рэальнасць якіх нам, простым абывацелям, нават паверыць складана. Напярэдадні прафесійнага свята адкрыла нюансы аднаго з рэзанансных расследаванняў, а таксама расказала пра сваю работу следчы Дзятлаўскага раённага аддзела Следчага камітэта Вольга Жыбко.
– Калі пачынаецца расследаванне крымінальнай справы, немагчыма прагназаваць, якой яна акажацца ў выніку, – расказвае Вольга Вячаславаўна.
Так, фігурант адной справы, які “папаўся” на кіраванні транспартным сродкам без вадзіцельскага пасведчання, аказаўся вінаватым ва ўчыненні злачынстваў па шасці эпізодах, у тым ліку даўніх. 37-гадовы жыхар Дзятлаўшчыны быў затрыманы ў Віцебскай вобласці, калі збіраўся пакінуць краіну. На той момант ён ужо знаходзіўся ў вышуку за шэраг злачынстваў. У паслужным спісе – паўторныя крадзяжы, пагроза жыццю з прымяненнем халоднай зброі, наўмыснае пашкоджанне аўтамабіля, неаднаразовае кіраванне транспартным сродкам без правоў і кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення.
Крымінальная справа была ўжо распачата, калі ў райаддзел Следчага камітэта звярнуўся мясцовы жыхар, у аўтамабілі якога невядомы зламыснік перарэзаў шлангі тармазной сістэмы. Як аказалася пазней, зроблена гэта было тым самым галоўным “героем” крымінальнай справы. Да гэтага мужчына пагражаў сваёй сужыцельніцы расправай, прыстаўляў нож да горла. Яна ведала, што папярэдне ён адбываў турэмны тэрмін за падобныя дзеянні, сур’ёзна спалохалася і выгнала яго з дома, аднак той вярнуўся ноччу ў жыллё, калі не было гаспадыні, і абакраў яго: узяў старадаўнюю ікону, царкоўную кнігу, прадметы адзення на агульную суму звыш дзвюх тысяч рублёў. Пакідаючы месца злачынства, ён вырашыў пакінуць “развітальны” сюрпрыз знаёмаму жанчыны, 46-гадоваму мясцоваму жыхару, сябру сваёй сужыцельніцы.
Як ужо вядома, жаданае бегства ў Расію не здзейснілася, мужчыну затрымалі. Пры ім была знойдзена скрадзеная маёмасць і нож. Факты злачынстваў ён не адмаўляў, у працэсе высветлілася, што любоў да чужога і “аўтамабільныя” гісторыі – таксама не ўпершыню ў біяграфіі абвінавачанага. Некалькі гадоў таму ён здзейсніў крадзеж магнітолы з чужой машыны, у чым таксама прызнаўся. “Вішанькамі на торце” сталі яшчэ некалькі выпадкаў затрымання за бяспраўную язду і кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення, тэрмін адміністрацыйнага спагнання за якія дагэтуль не быў пагашаны.
– Як удалося выйсці на злачынцу? – пытаюся ў следчага.
– Гэта той самы выпадак, калі ўсё ішло адно да аднаго, падзеі разгортваліся маланкава, нам заставалася толькі хутка рэагаваць на іх. Мы аператыўна агледзелі месцы злачынстваў, апыталі абвінавачанага, пацярпелых, сведкаў, правялі шэраг экспертных даследаванняў. Згодна з пастановай суда злачынца атрымаў турэмны тэрмін, адзінаццаты ў яго біяграфіі, які цяпер адбывае.
– Вольга Вячаславаўна, вы – малады следчы, аднак ужо маеце аўтарытэт у калег і начальства, паспяхова расследуеце няпростыя справы. Што параілі б тым, хто робіць першыя крокі ў гэтай прафесіі або збіраецца звязаць жыццё з ёю?
– Галоўная парада – не баяцца, у тым ліку цяжкасцяў, якія магчымы пры спасціжэнні тонкасцяў прафесіі следчага, станаўленні як спецыяліста. Не баяцца размаўляць з удзельнікамі крымінальнага працэсу, чуць іх і самім быць зразумелымі, адстойваць свой пункт гледжання. Смела выязджаць на месца здарэння, бо там вы навучыцеся аператыўна прымаць рашэнні, арганізоўваць не толькі сваю работу, але і калег, грамадзянскіх асоб ва ўзаемадзеянні, праяўляць сябе кіраўніком і арганізатарам. Ніколі не бойцеся памыляцца, праз памылкі мы вучымся новаму, а таксама звяртайцеся да калег, спецыялістаў сумежных структур, бо ўсе мы робім агульную справу. Будзьце гатовы да таго, што часам будзе патрэбна затрымацца на рабоце пасля завяршэння працоўнага дня і давесці да выніку справы або наадварот – пераключыцца на нешта іншае, каб потым з “чыстай” галавой і новымі сіламі прыступіць да выканання сваіх непасрэдных абавязкаў.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga