Школьны мерыдыян. Пра галоўнае для кожнага

Важнае Грамадства

Дзень народнага адзінства: пра галоўнае для кожнага

У Гезгалаўскай сярэдняй школе праходзіць тэматычны тыдзень, прысвечаны Дню народнага адзінства. Традыцыйна ў мерапрыемствах, прымеркаваных да свята, прымаюць удзел навучэнцы – прадстаўнікі дзіцячых і моладзевых аб’яднанняў, вучнёўскага самакіравання, педагогі школы.

Навучэнка 11 класа Соф’я Лотыш  прыняла ўдзел у конкурсе чытальнікаў “Вершы адзінства”, ініцыяваным абласным камітэтам ГА “БРСМ”. Працоўныя дэсанты “Абеліск” і “Помнік” па навядзенні парадку на месцах памяці прайшлі сярод цімураўскіх атрадаў. Члены піянерскай дружыны актыўна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах тэматычнай трохдзёнкі РС ГА “БРПА” – “БРПА-БРСМ у аб’ектыве: будучыня за намі!” пад дэвізам “Наша сіла – у мэце адзінай!”.

Акрамя гэтага, у школе прайшоў адзіны ўрок, на які былі запрошаны сакратар пярвічнай арганізацыі ГА “БРСМ”, старшыня прафкама Наталля Ліцкевіч і старшыня пярвічнай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Людміла Шпакава.

У Дварэцкай сярэдняй школе вучні 9-11 класаў прынялі ўдзел у лекцыі-прэзентацыі “Гэты дзень нас аб’яднаў”, прысвечанай гісторыі ўз’яднання Заходняй Беларусі і БССР, а таксама наведалі пакой баявой славы, дзе ўспомнілі гісторыю Вялікай Айчыннай вайны на Дварэччыне.

Квіз “Народнае адзінства разам на вякі” адбыўся для навучэнцаў 5-7 класаў Раклевіцкай базавай школы. Мадэратар расказала дзецям аб гісторыі свята, аб значнасці захавання гістарычнай памяці. У гульнявой форме навучэнцы прадэманстравалі свае веды па гісторыі, культурных традыцыях і каштоўнасцях нашай краіны.

Навучэнцы сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава прынялі актыўны ўдзел у працоўнай акцыі па навядзенні парадку каля помніка Героям Савецкага Саюза Паўлу Пятрову і Яну Фогелю. А навучэнка 3 “Б” класа Аляксандра Смірнова падключылася да акцыі “Дарога дабра. Дапамога на колах”, якая стартавала напярэдадні Дня народнага адзінства.

Інфармацыйная гадзіна “Адзінства. Сіла. Незалежнасць” прайшла для навучэнцаў 7 класа гімназіі № 1 горада Дзятлава. На ёй абмеркавалі гістарычныя падзеі, звязаныя з Днём народнага адзінства, прывялі прыклады еднасці беларускага народа ў самыя складаныя гістарычныя моманты. Вызначылі, што беларусы заўсёды былі гаспадарамі на сваёй зямлі, умелі жыць у дружбе і згодзе. І сёння адной з важнейшых рысаў нашага народа з’яўляецца міралюбства.

У Казлоўшчынскай сярэдняй школе прайшоў фотамарафон «Беларусь — гэта мы», удзельнікамі якога сталі вучні 3-11 класаў. Да Інтэрнэт-эстафеты далучыліся члены БРСМ, прымераўшы да сябе Instagram-маску з контурамі краіны. Наведаўшы школьны музей «Шляхамі продкаў», вучні 7 «Б» класа прыгадалі падзеі Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі пасёлка.

Падрыхтавала Таццяна САНЮК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga