Залатая восень у чарговы раз сабрала разам на Дзятлаўшчыне “залаты фонд” нашага раёна.
Традыцыйная сустрэча настаўнікаў-пенсіянераў, якая праходзіць з ініцыятывы раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і галіновага савета ветэранаў працы, была прысвечана адразу дзвюм адметным датам на календары – Дню настаўніка і Дню пажылых людзей. Сёлета яна адбылася ў сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава, педагогі і навучэнцы якой падрыхтавалі ўрачыстую праграму.
Ужо каля школьных варот кожнаму госцю тут надалі пачэсную ўвагу: адрасавалі пажаданні, уручылі сімвалічныя браслеты з надпісам “Сіла ў ведах” і нават паваражылі на будучыню. А ў святочнай зале іх чакала цёплая сяброўская атмасфера за кубачкам чаю.
Настаўнікі-пенсіянеры атрымалі букет самых яркіх і шчырых віншаванняў ад старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага, начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Марыны Лашкоўскай, дырэктара Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання Дзятлаўскага раёна Таццяны Нікіпорчык, старшыняў раённага аб’яднання прафсаюзаў Валерыя Макарчыка, раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Станіслава Фабішэўскага, раённага савета ветэранаў Міхаіла Губара.
Сапраўдным святам душы назвала ўрачыстасць старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Раіса Ганчарэвіч і падкрэсліла, што роля настаўніка, яго асабісты прыклад маюць лёсавызначальную ролю ў жыцці вучняў, бо педагог выхоўвае найперш сваімі паводзінамі і ўчынкамі. Настаўнік не проста прафесія, а стыль жыцця.
За цікавыя ідэі і арганізацыю свята “гаспадарам пляцоўкі” падзякаваў Аляксандр Бараноўскі, адзначыў, што і ён важкую частку жыцця прысвяціў педагагічнай дзейнасці, а таму асабліва рады павіншаваць “сейбітаў разумнага, добрага, вечнага”, пажадаў настаўнікам даўгалецця, сямейнага шчасця, мірнага неба над Беларуссю і ўручыў узнагароды.
Эстафету віншаванняў і ўзнагароджвання пераняла Марына Лашкоўская. Педагогаў-ветэранаў яна назвала “галоўнымі людзьмі Зямлі”, выказала ім пашану і ўпэўненасць, што іх мудрыя парады спатрэбяцца сучаснаму пакаленню ў будучым. Яна пазнаёміла прысутных з навінамі сферы адукацыі і падзякавала ўсім за тое, што было зроблена і робіцца ў гэтым кірунку.
Новаўвядзеннем гэтага года стала запрашэнне на свята старшыняў прафсаюзных пярвічак установаў адукацыі, якія абавязкова перададуць усім адрасатам віншаванні і падарункі.
Далучыцца да цікавага падарожжа ў часе гасцям прапанавалі вядучыя свята і правялі для іх “экзамен” па любімых кінастужках і цэнах савецкіх часоў. Прыемнай часткай праграмы стала ўжо традыцыйнае ўшанаванне 60-і, 70-і, 80-і, 90-гадовых юбіляраў з творчымі выступленнямі саміх імяніннікаў.
Скончыўся адкрыты ўрок “галоўных людзей Зямлі” душэўнай рубрыкай “Любімы вучань – любімаму настаўніку”, у час якой яны атрымлівалі прыемныя падарункі, пра якія загадзя паклапаціліся іх былыя вучні.
Арганізатары свята выказваюць удзячнасць спонсарам за тое, што дапамаглі зрабіць урачыстасць прыемнай і запамінальнай: Валерыю Зыкіну, Тамары Марчанка, Святлане Кругловай, Вользе Кашко, Вользе Якшэвіч, Мікалаю Шалевічу, Людміле Маркушэўскай, Наталлі Манчук, Аляксандру Аскараву.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga