Новым кнігам – добры дзень!

Культура і адпачынак Свежыя навіны

 У Дзятлаўскай раённай бібліятэцы новае паступленне кніг, сярод іх – серыі кніг па гісторыі.

Барыс Даўгатовіч “Камандармы  – нашы землякі”. Кніга ўяўляе сабой энцыклапедычны даведнік аб камандуючых войскамі на розных франтах Вялікай Айчыннай вайны. З 1939 па 1945 гады сярод тых, хто займаў гэту пасаду, былі 23 генералы-беларусы. Выданне будзе карыснае ўсім, хто цікавіцца ваеннай гісторыяй Беларусі.

Барыс Даўгатовіч “І на ціхім акіяне свой скончылі паход”. Кніга прысвечана воінам Чырвонай Арміі і маракам Ціхаакіянскага флоту – слаўным сынам беларускага народа, удзельнікам вайны з Японіяй у жніўні-верасні 1945 года, якая з’явілася завяршальным этапам Другой сусветнай вайны. Адрасавана навучэнцам сярэдніх школ і гімназій.

Ірына Масляніцына, Мікола Багадзяж

“Даўмонт” – пра легендарнага воіна ўсходнеславянскай гісторыі – пскоўскага князя Даўмонта. Ён стаў самым вядомым прадстаўніком Пскоўскай зямлі. Князь Даўмонт паказаны як таленавіты кіраўнік і палкаводзец, абаронца сваіх падданых, пазбаўлены славалюбівага княжага эгаізму. Жыццяпіс князя дапаўняецца падрабязным аповедам пра эпоху, у якую ён жыў;

 “Рагвалод” – кніга рэканструюе біяграфію першага полацкага князя Рагвалода, апавядае не толькі пра час яго кіравання ў Полацку, але і пра падзеі, якія адбываліся раней, якія адкрыліся сучаснікам дзякуючы нястомнай працы археолагаў;

“Фёдар Бельскі” – пра князя Фёдара Бельскага, вядомага ваяводу, падданага вялікага князя літоўскага Казіміра IV, які перайшоў на службу да вялікага князя маскоўскага Івана III. Ён жыў у другой палове 15 стагоддзя, аказаўся ў эпіцэнтры адчайнага супрацьстаяння праваслаўных беларусаў пагрозе ўвядзення царкоўнай уніі;

 “Уладзімір Васількавіч” – кніга апавядае пра князя валынскага і берасцейскага Уладзіміра Васількавіча, вядомага чалавека, які шмат у чым апярэдзіў сваю эпоху. Валынскі летапісец называе яго “вялікім кніжнікам і філосафам”.

Запрашаем усіх жадаючых.

Ілона ЛАЎРЭНЮК,
бібліятэкар аддзела абслугоўвання і інфармацыі

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga