Будзем прышчапляцца ад грыпу

Важнае Да ведама грамадзян

У Дзятлаўскі раён паступіла першая партыя (тысяча дозаў) супрацьгрыпознай вакцыны.

У гэтым годзе вакцына расійскай вытворчасці, якая мае назву “Вакцына для прафілактыкі грыпу”, аднакампанентная, інактываваная.

Перш за ўсё прафілактычную прышчэпку на бясплатнай аснове дзятлаўскія медыкі прапануюць дарослым, якія пакутуюць хранічнымі захворваннямі, і дзецям – яны патрабуюць першачарговай абароны ад небяспечнага захворвання.

Усяго ў Дзятлаўскім раёне ў 2023 годзе плануецца прышчапіць ад грыпу 36,8 % насельніцтва. Сучасныя вакцыны добра пераносяцца як дзецьмі, так і дарослымі, спрыяюць фарміраванню высокаспецыфічнага імунітэту ўжо праз 14-21 дзень пасля вакцынацыі, дзеянне якога захоўваецца да 6-12 месяцаў.

Нагадаем, што бясплатная вакцынацыя супраць грыпу праводзіцца:

* дзецям ва ўзросце ад 6 месяцаў да 3-х гадоў;

* пацыентам з хранічнымі захворваннямі;

* цяжарным;

* выхаванцам дашкольных установаў;

* навучэнцам установаў адукацыі;

* студэнтам;

* дарослым, якія маюць высокую рызыку заражэння на грып у сувязі з прафесійнай дзейнасцю;

* асобам, старэйшым за 65 гадоў.

Грамадзяне, якія не ўваходзяць у гэтыя групы, змогуць вакцынавацца за кошт сродкаў прадпрыемстваў і асабістых сродкаў.

Атрымаць прафілактычную прышчэпку можна будзе ў амбулаторна-паліклінічных арганізацыях аховы здароўя па месцы жыхарства.

Памятайце, што вакцынацыя – гэта адзіны спецыфічны і таму самы эфектыўны шлях прафілактыкі грыпу і яго ўскладненняў.

Таццяна КАСІЛА,
памочнік доктара-эпідэміёлага Дзятлаўскага райЦГЭ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga