Зямля, дзе пачаўся твой лёс

Важнае Грамадства

Так паэтычна жыхары гарадскога пасёлка Наваельня гавораць пра свой родны край, чарговаму дню нараджэння якога была прысвечана канцэртная забаўляльная праграма.

Свята адкрыў калектыў, які ўжо стаў адметнасцю і славутасцю Наваельні – аматарскае танцавальнае аб’яднанне “Эпатажны блюз”.

Старшыня Новаяльнянскага сельвыканкама Людміла Радзевіч узгадала старонкі гісторыі населенага пункта і яго дасягненні, а таксама павіншавала гасцей са святам:

– Дзень пасёлка адметны для ўсіх, хто тут нарадзіўся, вырас, хто сюды прыехаў, жыве і спрыяе росквіту гэтага куточка Беларусі. Наваельня з’яўляецца гарадскім пасёлкам з 1945 года, калі яна была раённым цэнтрам Дзятлаўскага раёна. Гэта маляўнічае месца з прыгожымі барамі, чыстымі рачулкамі, багатымі прыроднымі дарамі. Але самае галоўнае багацце нашага пасёлка – ініцыятыўныя, працавітыя, старанныя людзі, якія шчыра любяць родны край. Важна не забываць, што будучыня нашай малой радзімы залежыць толькі ад нас з вамі. Шчыра віншую ўсіх землякоў са святам і жадаю кожнаму з вас моцнага здароўя, дабрабыту ў сем’ях і мірнага неба над галавой.

Мерапрыемства стала добрай нагодай адзначыць лепшых працаўнікоў, людзей актыўных і ініцыятыўных у розных сферах жыцця пасёлка.

Гэту місію выканаў старшыня раённага Савета дэпутатаў, жыхар Наваельні Аляксандр Бараноўскі.

– Па праве лічу сябе новаяльнянцам, бо жыву ў гэтым населеным пункце ўжо 32 гады, – расказаў ён. – Тут выраслі мае дзеці, прайшлі мая маладосць, станаўленне. У дзень нараджэння нашага любімага пасёлка ад усёй душы жадаю ўсім моцнага здароўя,  дабра вам і вашым блізкім, спакойнага, шчаслівага, мірнага жыцця на роднай зямлі. Мы робім усё магчымае, каб наш родны край квітнеў і прыгажэў з кожным годам. У хуткім часе пасёлак чакае вялікае пераўвасабленне, якое, дарэчы, ужо пачалося.

Аляксандр Станіслававіч уручыў узнагароды лепшым працаўнікам і творцам Наваельні. Ганаровымі граматамі Дзятлаўскага райвыканкама былі адзначаны сацыяльны педагог Новаяльнянскай сярэдняй школы Таццяна Бялятка, ляснічы Новаяльнянскага лясніцтва Валерый Зінкевіч; Ганаровай граматай Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў – настаўнік па класе духавых інструментаў Новаяльнянскай школы мастацтваў Юрый Жданюк.

Падзячнымі лістамі старшыні райвыканкама былі ўзнагароджаны фельчар-лабарант Новаяльнянскай гарадской бальніцы Валянціна Бяляўская, майстар участка ацяпляльных кацельняў і цеплавых сетак Дзятлаўскага РУП ЖКГ Віктар Гірык, сакратар прыёмнай ААТ “Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў” Марына Кекшук; Падзячнымі лістамі старшыні раённага Савета дэпутатаў – настаўнік па класе духавых інструментаў Новаяльнянскай школы мастацтваў Сяргей Майсюк, ветэран працы Анатоль Кардаш, ізаліроўшчык тэрмаізаляцыі Новаяльнянскага ўчастка ізаляцыі трубаў Валерый Дзірвук.

Пярвічная арганізацыя структурных падраздзяленняў УП “Баранавіцкае аддзяленне Беларускай жалезнай дарогі” узнагародзіла сваімі Ганаровымі граматамі Наталлю Сушчэвіч і Сяргея Шастака.

Імёны 9 новаяльнянцаў былі занесены на Дошку гонару гарпасёлка Наваельня, адпаведныя сертыфікаты ім уручыла Людміла Радзевіч.

На свяце ўшаноўвалі доўгажыхароў і самых маленькіх новаяльнянцаў, пары, якія сёлета адзначылі залатое і сярэбранае вяселле, самых дбайных гаспадароў.

Якое ж свята без добрых песень? Сваімі лепшымі музычнымі нумарамі гасцей радавалі Марына Кекшук, Галіна Слушко, Аляксандр Саалятэ, Таццяна Загорцава, аб’яднанне “Эпатажны блюз”. Канцэртную праграму падрыхтавалі ўдзельнікі народнага духавога аркестра пасёлка Наваельня, а таксама артысты Гродзенскай філармоніі і гурт “Нестандартны варыянт”.

На пряцягу мерапрыемства працавалі гандлёвыя кропкі, атракцыёны, жадаючыя маглі пакатацца на вялікіх матацыклах, на якіх завіталі на свята госці з Ліды.

 

Наталля АВЯРЧУК 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga