Шуфляваць, падмятаць – збожжа ў засекі збіраць

Важнае Грамадства

Такі дэвіз узялі сабе на ўзбраенне студатрадаўцы, якія працуюць у ААТ “Граніт-Агра”.

Паколькі надвор’е пайшло насустрач аграрыям і ўсталяваліся сухія спякотныя дні, то жнівень падганяе ўсіх, хто задзейнічаны на ўборачнай кампаніі, прыспешвае ён і студатрадаўцаў, якія выходзяць на працоўную вахту ў дзве змены, каб як мага надзейней падтрымаць работнікаў гаспадаркі ў адказны перыяд жніва.

– У нашым сельгаспрадпрыемстве ўборачная кампанія набліжаецца да завяршэння, цяпер самы пік работ, і на КЗСВ-30 паступае да 600 тон збожжа за суткі, – адзначае загадчыца склада “Круцілавічы” ААТ “Граніт-Агра” Вольга Нагорная, якая курыруе работу атрада, – Безумоўна, нашым юным работнікам, а іх 10 чалавек (па 5 у кожнай змене) даводзіцца шмат працаваць: падмятаць і шуфляваць зерне, сачыць за чысцінёй пляцоўкі. Гатункі збожжа мяняюцца, і нельга, каб яны паміж сабой змешваліся, таму перад кожнай новай партыяй павінны быць наведзены парадак. Нашы памочнікі-студатрадаўцы заступілі на працоўную вахту 26 чэрвеня, увесь гэты час дапамагаюць надзейна. Сярод іх пераважаюць студэнты, хаця ёсць і школьнікі. Гэта мясцовая моладзь і з гарадскога пасёлка Наваельня, ёсць унукі-старшакласнікі, якія адпачываюць у бабуляў у бліжэйшых вёсках. Усе без выключэння студатрадаўцы старанныя і працавітыя, ніколі не супярэчаць, выконваюць атрыманыя даручэнні, адным словам – вельмі запатрабаваныя ў сезон жніва работнікі. Жадаю ім дастойнай дарогі ў жыцці, паспяховай вучобы і любімай прафесіі.

– У атрад запісваюся другое лета запар, – расказвае навучэнец 2 курса Навагрудскага дзяржаўнага каледжа Арцём Уласевіч. – Няхай мая будучая спецыяльнасць – повар – не адносіцца да сельскай галіны, усё роўна студатрадаўскія будні вучаць мяне быць старанным і адказным работнікам, а гэтыя якасці ў далейшым абавязкова спатрэбяцца. У атрадзе вельмі падабаецца, бо побач сябры, разам працаваць весела і лічу, што нескладана. Свой мінулагодні заробак я патраціў на абноўкі, за сёлетні мяркую яшчэ набыць прыемныя сюрпрызы для сястры і брата. На жаль, гэты год у студатрадзе ў мяне апошні, бо хутка стану выпускніком і працаваць буду ўжо па спецыяльнасці, аднак час, праведзены тут, пакіне мне самыя прыемныя ўспаміны. Равеснікам і іншай моладзі жадаю поспехаў, удачы, здароўя.

А вось адзінаццацікласніца Круцілавіцкай сярэдняй школы Ксенія Аўсянік да студатрадаўскага руху сёлета далучылася ўпершыню, яна таксама падзялілася сваімі ўражаннямі ад работы ў саставе сельскагаспадарчага атрада:

– Аб такой магчымасці папрацаваць летам я даведалася ад сяброў і вырашыла пайсці ў студатрад. Ніколькі не шкадую, што маё лета праходзіць з карысцю за пачэснай справай па нарыхтоўцы хлеба. У атрадзе цікава і весела. Мяркую, што за праведзены тут час я стала больш дысцыплінавана і адказна адносіцца да даручанай работы, навучылася дапамагаць іншым. Сваёй будучай прафесіяй збіраюся выбраць настаўніцкую, і студатрадаўскае лета ў моладзевым калектыве вучыць мяне стасункам і камунікацыі, што вельмі важна для педагога. Жадаю і іншым юнакам і дзяўчатам бавіць свой час з карысцю, а яшчэ – усяго найлепшага і шчаслівай будучыні.

Ірына СТЫРНІК     

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: