Няціхая гавань

Важнае Здарэнні і бяспека

Мы жадаем у святы людзям дабрабыту ў сям’і і цяпла дамашняга ачага. Але не заўсёды дом для чалавека – ціхая гавань, дзе можна адпачыць ад рабочай мітусні, сагрэцца цяплом блізкіх і родных.

Праблема хатняга гвалту асабліва востра ўстае там, дзе ўзнікае алкагольная або наркатычная залежнасць, непрацаўладкаванасць. Пакутуюць ад яго ў большасці жанчыны і дзеці. У першым паўгоддзі 2023 года на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна адбылося 10 зарэгістраваных злачынстваў, якія адносяцца да катэгорыі “хатні гвалт”. Тры з іх учынены непрацуючымі грамадзянамі, 2 – раней судзімымі, 7 – у стане алкагольнага ап’янення.

– Кожны факт хатняга гвалту – гэта праблема. Як правіла, гэты від злачынстваў носіць скрыты характар: ахвяры баяцца звяртацца ў міліцыю, бо саромеюцца, або асцерагаюцца, што штраф за дэбашыра прыйдзецца аплачваць са сваёй кішэні. Супрацоўнікі міліцыі на рэгулярнай аснове кантралююць скандалістаў, аматараў рукапрыкладства, наведваюць іх жыллё. Выкарыстоўваецца ўвесь комплекс мераў для індывідуальнай прафілактыкі. Пры неабходнасці збіраюцца дакументы для накіравання ў лячэбна-працоўны прафілакторый, – расказвае начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі АУС райвыканкама Андрэй Юшкевіч. – Усяго зараз на ўліку ў дзятлаўскай міліцыі за правапарушэнні, учыненыя ў адносінах да члена сям’і, знаходзяцца 104 чалавекі, з якіх 18 жывуць з пажылымі грамадзянамі. Мы разумеем, што ведаем не пра ўсе правапарушэнні, якія здзяйсняюцца ў сем’ях, таму хачу нагадаць, што за хатні гвалт прадугледжана адказнасць, у тым ліку крымінальная. Грамадзянам жа, якія пацярпелі ад гвалту, аказваюцца розныя віды дапамогі: інфармацыйна-кансультацыйная, сацыяльна-псіхалагічная, паслуга сацыяльнага патранату, садзейнічанне ў афармленні дакументаў, працаўладкаванні, навучанні, перанавучанні, аказанне дзяржаўнай адраснай дапамогі, гуманітарнай дапамогі і іншыя.

Для прадастаўлення бяспечнага пражывання аказваецца паслуга часовага прытулку ў “крызісным” пакоі.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga