Напоўнім ранцы з дабрынёй

Важнае Грамадства

Зусім нямнога дзён застаецца да пачатку новага навучальнага года.

А значыць надышоў час не толькі паклапаціцца аб сваіх школьніках, але і дапамагчы дзецям, якія аказаліся ў складаных жыццёвых сітуацыях.

Супрацоўнікі і валанцёры раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа прапанавалі дзятлаўчанам далучыцца да дабрачыннай кампаніі “Збяром дзяцей у школу”, якая праходзіць у раёне з 1 жніўня. Разам з абаяльнай зайкай Ляляй з раённага цэнтра культуры яны наведалі магазіны “Родны Кут”, “Джэм”, “Тры цаны”, “Санет”. Сёлета дзіцячыя ранцы будуць укамплектаваны ў тым ліку пеналамі, ручкамі, сшыткамі, фарбамі і фламастарамі, якія наведвальнікі магазінаў паклалі ў спецыяльную скрыню дабра. Аб тым, хто атрымае “народную” дапамогу, расказала старшыня раённай арганізацыі Галіна Касцюк:

– Сабраныя тавары і рэчы будуць перададзены дзецям з сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, дзецям з абмежаванымі магчымасцямі, школьнікам з сем’яў бежанцаў і вымушаных мігрантаў, іншым дзецям, якія маюць патрэбу ў дапамозе. Інфармацыю аб гэтых сем’ях мы атрымалі з аддзела адукацыі райвыканкама.

Такія акцыі будуць праходзіць на Дзятлаўшчыне да сярэдзіны верасня. Калі вы ўбачыце скрыні з чырвоным крыжам у магазінах,  у іх можна пакласці канцылярскія тавары для дзяцей, якія знаходзяцца ва ўразлівым становішчы, а калі ў вас ёсць акуратныя школьныя рэчы або вопратка, у раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа з удзячнасцю прымуць такі дар і накіруюць яго па прызначэнні. Для гэтага дастаткова звярнуцца ў офіс арганізацыі ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Жадаючыя могуць дапамагчы фінансава, пералічыўшы сродкі на рахунак арганізацыі, рэквізіты можна даведацца ў яе кіраўніка Галіны Касцюк. Нават ваша маленькая дапамога для некага можа быць вельмі важнай.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga