Ільнаводства – справа грунтоўных і цярплівых (+відэа)

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Лён любіць паклон, як казалі нашы продкі. Мінулі стагоддзі, у сельскую гаспадарку трывала ўвайшлі камбайны і спецыяльныя машыны, але па-ранейшаму яго вырошчванне застаецца няпростым і працаёмкім.

Гэта адна з самых капрызных сельгаскультур на нашых палях, нават кампанія па яе ўборцы самая працяглая. Аднак гэта культура – наш брэнд, сімвал, беларускае “золата”. Аб асаблівасцях вырошчвання і ходзе кампаніі па ўборцы лёну ў раёне расказаў дырэктар Дварэцкага льнозавода Аляксей Зелянуха:

– Сыравінную зону прадпрыемства складаюць землі плошчай 3195 гектараў у трох раёнах Гродзеншчыны – Дзятлаўскім, Слонімскім і Навагрудскім. На наш раён прыходзіцца 1465 гектараў, 250 з якіх – на палетках чатырох гаспадарак нашага раёна: яны сеюць лён і затым здаюць трасту нам. Большасць плошчаў убіраем на таварныя пасевы з далейшым ачэсваннем на лініі, трэцяя частка – насенныя пасевы, якія ачэсваюцца на полі: вымалочваецца насенне, дасушваецца і назапашваецца для новай пасяўной кампаніі. У залежнасці ад прызначэння сыравіны церабленне лёну адбываецца ў розныя тэрміны спеласці і па розных тэхналогіях.

– Якімі тэмпамі сёлета ідзе ўборка лёну?

– Працуем згодна з дзяржаўным планам: да канца ліпеня мы скончылі церабленне таварнага лёну, цяпер убіраем на насенне. Нашы работнікі зараз працуюць на полі побач з Лядзінамі, дзе лён ужо выцерабілі на плошчы 40 гектараў і падрыхтавалі да ачэсвання. Таксама прасуем раздзяляльныя палосы, каб запусціць льнокамбайны, па даных нашых тэхнолагаў, тры полі гатовы для суцэльнага прасавання, да якога пры спрыяльным надвор’і прыступім у бліжэйшы час. Спрасаваныя рулоны складзіруюцца на тэрыторыі завода, каб затым быць выкарыстанымі ў вытворчасці валакна.

– Усе работы выконваеце сваімі сіламі?

– Калектыў Дварэцкага льнозавода працуе 11 месяцаў на год, выконваючы ўсе работы па вырошчванні лёну: ад апрацоўкі глебы і ўнясення ўгнаенняў пад пасевы – да атрымання льновалакна. Каб убраць з мінімальнымі стратамі, трэба грунтоўна папрацаваць на кожным этапе. У ліпені – прафілактычныя работы на прадпрыемстве і адпачынак ва ўсіх работнікаў, акрамя механізатараў (ад 31 да 34 дзён у залежнасці ад шкоднасці работ). Для загрузкі магутнасцяў завода на год патрэбна каля 12,5 тысячы тон трасты, нарыхтоўваем такі аб’ём плюс пераходны астатак (на месяц работы завода) на выпадак непрадбачаных сітуацый.

 

– Што галоўнае ва ўборцы лёну?

– Цярпенне. Цыкл нарыхтоўкі лёну зацяжны: трэба вырваць, пачакаць, пакуль вылежыцца, высахне, абгарнуць, спрасаваць і толькі затым адправіць на завод для далейшай перапрацоўкі. Бывала такое, што з-за дажджу на адно і тое ж поле заходзілі з камбайнамі па 5 і больш разоў. Спецыялісты пільна сочаць , каб лён “даспеў”, але не пераляжаў, улічваючы пяць тэхналагічных паказчыкаў, якія ў далейшым уплываюць на нумар валакна. Усе пакупнікі хочуць набываць у нас шэрае прыгожае валакно, і мы стараемся адпавядаць іх патрабаванням.

– Ці вялікі машынна-трактарны парк прадпрыемства?

– Маем каля 75 адзінак тэхнікі, неабходнай для вырошчвання і ўборкі культуры: 16 церабілак, 16 ільнокамбайнаў, 27 абарачальнікаў, 3 ачэсвальнікі-абарачальнікі, 5 энерганасычаных трактараў МТЗ-3022, 8 – МТЗ-1221 і іншыя. Раз на год уся тэхніка праходзіць падрыхтоўку і кантроль дзяржтэхнагляду. На працягу года кожны механізатар задзейнічаны на некалькіх відах сельскагаспадарчай тэхнікі (ад 2-3 да 6 адзінак).

– Калі льнаводы адзначаць “Дажынкі”?

– Згодна з заданнем Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання сёлета плануецца завяршыць уборку лёну да 25 верасня. Маем рэсурсы і тэхніку, каб своечасова справіцца з пастаўленай задачай, галоўнае – каб надвор’е не падвяло.

Наталля АВЯРЧУК
Фота аўтара

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga