ГрадусПлюс. Па “зебры” – на ўзлёт?

Грамадства Свежыя навіны

Пешаходы маюць перавагу на дарозе, але часта не маюць інстынкту самазахавання.

З вопытам ваджэння аўтамабіля такая думка ўсё часцей прыходзіць у галаву, мяркую, не мне адной. Перад пачаткам навучальнага года асабліва набалела.

З 25 жніўня пачалася акцыя ДАІ “Увага – дзеці!”, якая заклікае аўтамабілістаў быць вельмі ўважлівымі на дарозе, рухацца на невысокай хуткасці, уключаць бліжняе святло фар, каб засцерагчы ад бяды дзяцей на праезнай частцы.

Тым часам самі дзеці не імкнуцца спрасціць жыццё вадзіцелям. Абноўленыя правілы дарожнага руху аб тым, што ўжо можна не спешвацца на пешаходным пераходзе (рухаючыся пры гэтым з хуткасцю пешахода!), яны вывучылі і засвоілі вельмі хутка. На сваіх “горніках” ракетай знянацку ўрываюцца на дарогу перад аўтамабілямі, хоць зусім нядаўна, здаецца, рухаліся ў іншым напрамку. Цяпер, калі бачу ў адной плоскасці пешаходны пераход і веласіпедыстаў, валасы на галаве міжволі пачынаюць варушыцца. Я ўжо не кажу пра тое, што часта ўзрост юных аматараў пакатушак, якія парушаюць не толькі на пераходах, але і на праезнай частцы, і далёка не дасягае дазволеных 14 гадоў.

Вось яшчэ адзін нявыдуманы выпадак, які адбыўся ў Дзятлаве. Калега праязджала святлафор на дазвольны сігнал, калі да пешаходнага пераходу падышла кампанія з траіх дзяцей узросту сярэдняй школы. Двое з іх спыніліся, а трэцяя дэманстратыўна прадоўжыла шлях на чырвонае святло, быццам нешта даказваючы сябрам. Шчыра кажучы, у такія моманты хочацца выйсці з машыны і адвесці юных парушальнікаў проста да бацькоў (горад маленькі, мы ж тут усе ведаем, хто чый) і спытаць, ці дастаткова грунтоўна тыя вучылі сваіх чадаў правілам дарожнага руху.

Дарослыя таксама ўмеюць арыгінальна пераходзіць дарогу, упэўненыя, што пераход – гэта падушка бяспекі для пешахода. Думаю, усе вы хоць раз бачылі матуляў з каляскамі, якія, усё яшчэ нешта дагаворваючы з сяброўкай, тым часам ужо выкатваюць каляску на праезную частку, не гледзячы на дарожную сітуацыю. Або проста пешаходы ідуць сабе мірна па тратуары, а потым узгадваюць, што забыліся перайсці дарогу… і робяць гэта, нават не глянуўшы ўлева.

У дарожнай сітуацыі вадзіцель – пешаход шмат нюансаў, часам не маюць рацыю як адны, так і другія. Але калі мы ведаем свае правы, то павінны ведаць і абавязкі: пешаходы, перад тым як перайсці дарогу, упэўніцеся ў бяспецы свайго манеўра. У выніку ДТЗ, калі вадзіцель насамрэч парушыў правілы, ён атрымае пакаранне. Але жыццё і здароўе гэта вам не верне.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga