Чалавек і яго справа. Служба з чалавечным падыходам

Важнае Грамадства

Жанчына – адно з цудаў гэтага свету, невычарпальная крыніца энергіі.

Нават працуючы ў “моцнай” прафесіі, яна ўмее сумяшчаць работу і дом, адказна выконваць свае службовыя абавязкі, пры гэтым заставацца любячай жонкай, добрай гаспадыняй і ласкавай матуляй. Такія рысы мае начальнік падраздзялення аховы аб’екта вартавой аховы Дзятлаўскага раённага аддзела Дэпартамента аховы МУС Алена Война, якая за высокі прафесіяналізм і эфектыўную службу нядаўна была адзначана падзякай.

Свой працоўны шлях у арганізацыі Алена Паўлаўна пачынала ў сакавіку 2000 года, прайшла яго грунтоўна і паступова: за практычна два дзесяцігоддзі паспела папрацаваць вартаўніком, кантралёрам, ахоўнікам на ўсіх ключавых пастах у Наваельні і некаторых у Дзятлаве.

У 2019 годзе Алена Война атрымала прапанову ўзначаліць вартавое падраздзяленне ад тагачаснага кіраўніка аддзела Дзмітрыя Харошкі і пасля роздуму пагадзілася на сур’ёзны крок.

– Вядома, было хвалююча займаць адказную пасаду, – прызнаецца яна. – Каб быць добрым кіраўніком на любым участку, трэба не толькі ведаць справу, але і трымаць дысцыпліну, знаходзіць узаемапаразуменне і падыход да кожнага работніка, быць псіхолагам.

Было няпроста, але з падтрымкай калег і адабрэннем начальства ўсё атрымалася. Алена Паўлаўна кіруе 2-м падраздзяленнем вартавой аховы, мае ў падначаленні каманду з 25 чалавек. На працягу апошніх васьмі месяцаў яшчэ і выконвае абавязкі “камандзіра” 1-га падраздзялення.

Любімая, але напружаная работа забірае шмат часу і сіл. Аднак у свае выхадныя дні жанчына стараецца ўвесь вольны час прысвячаць сям’і.

– Але да канца расслабіцца і забыць пра службу немагчыма, – расказвае начальнік падраздзялення. – Нават калі я сама не на рабоце, мае падначаленыя працуюць. У іх могуць узнікнуць пытанні ці непрадбачаныя сітуацыі, таму я практычна заўсёды на сувязі з імі.

Бязмежнай любоўю і гонарам Алены Война з’яўляюцца яе трое сыноў. Старэйшым Івану і Аляксандру ўжо далёка за 20 гадоў, малодшы Дзмітрый яшчэ школьнік.

– Праўду кажуць, што немагчыма любіць сваіх дзяцей па-рознаму, яны як пальцы на адной руцэ, – з цеплынёй расказвае пра іх жанчына. – Ды старэйшыя ўжо пайшлі ў дарослае жыццё з бацькоўскага дома, а малодшы яшчэ побач, матуліна ўцеха.

Дзмітрый добра вучыцца ў агульнаадукацыйнай школе, сёлета з адзнакай скончыў музычную школу па класе “кларнет”, з’яўляецца лаўрэатам многіх конкурсаў мастацтваў, за дасягненні атрымаў стыпендыю па падтрымцы адоранай моладзі са спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, сертыфікат ва ўрачыстай абстаноўцы ўручаў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі.

Алена Война з катэгорыі тых людзей, якія ўмеюць быць шчаслівымі тут і цяпер, радавацца і быць удзячнымі жыццю за тое, што маюць. На пытанне, чаго б жадала ад будучыні, яна ўпэўнена адказала:

– Калі гаварыць пра работу, вельмі хочацца, каб людзі менш хварэлі. Мы помнім нядаўнюю пандэмію каранавірусу, якая ўнесла сур’ёзныя складанасці ў нашу службу. Спадзяюся, такія падзеі не паўторацца, для гэтага робім прафілактычныя прышчэпкі. А што да асабістага… думаю, я ўжо гатова і вельмі хачу стаць бабуляй. Спадзяюся, у недалёкай будучыні сыны створаць сем’і і парадуюць нас, бацькоў.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga