Актуальны каментарый. Прыемна, што ІІ Гульні краін СНД праходзяць у Беларусі

Важнае Спорт і турызм

Меркаваннем аб узроўні арганізацыі II Гульняў краін СНД і ўражаннямі ад іх наведвання прадаўжаюць дзяліцца жыхары Дзятлаўшчыны.

Сяргей Каско, настаўнік геаграфіі Дварэцкай сярэдняй школы:

– Навучэнцы нашай школы, як толькі даведаліся пра магчымасць паездкі ў Гродзенскі лядовы палац, праявілі актыўнасць. Жадаючых аказалася нават больш, чым выдзеленых месцаў, таму бралі тых, хто часцей праяўляе сябе ў школьным жыцці. Па дарозе ў радасным прадчуванні азнаёміліся з праграмай дня, аднак па прыбыцці ўсё роўна былі прыемна здзіўлены: арганізацыя на ўсіх этапах аказалася дастойнай узроўню мерапрыемства. Станоўча ўразіў і сам дух спаборніцтваў, ён быў пазітыўным, а гэта вельмі важна, асабліва для выхавання падрастаючага пакалення, бо спорт у нашым жыцці – гэта не толькі здароўе, але і культура паводзінаў, ветлівасць, добразычлівасць, камандная работа. На жаль, з-за непагадзі не ўдалося паўдзельнічаць у мерапрыемствах на адкрытай пляцоўцы перад лядовым палацам. Тым не менш важна, што мы ўжывую пабачылі цяжкаатлетаў, пахваляваліся за нашых і з гонарам дачакаліся вынікаў: беларусы ў гэты дзень заваявалі дзве “бронзы” і адно “серабро”.

Упэўнены, што спорт – гэта дадатковы “штрых” у дыпламатычных адносінах паміж краінамі, ён спрыяе іх кансалідацыі, таму затраты на спартыўную інфраструктуру ў Беларусі сябе апраўдваюць. Мы можам ганарыцца створанымі ў краіне ўмовамі для развіцця, у тым ліку масавага спорту, пабудаванымі аб’ектамі. Нашы пляцоўкі поўнасцю падрыхтаваны і адпавядаюць патрабаванням міжнародных спаборніцтваў самага высокага ўзроўню. Прыемна, што ІІ Гульні краін СНД праходзяць у Беларусі.

Павел Ганчар, навучэнец 9 класа Дварэцкай сярэдняй школы:

– Так атрымалася, што мы паехалі поўным саставам вучняў, паміж якімі падтрымліваюцца цесныя сяброўскія адносіны, таму было больш магчымасцяў дзяліцца ўражаннямі і станоўчымі эмоцыямі, абмяркоўваць убачанае. Пакуль дабіраліся да Гродна, прыемна любаваліся краявідамі і ландшафтамі за вокнамі аўтобуса, а праязджалі мы праз Дзятлаўскі, Лідскі, Шчучынскі, Гродзенскі раёны. Вабілі вока прыгожыя хлебныя палі і зялёныя лясы, добраўпарадкаваныя беларускія гарады і вёскі. Мы разумелі, што ў нашай краіне ёсць чым ганарыцца, ёсць што паказаць гасцям.

На спаборніцтвах былі нечакана і станоўча здзіўлены, што цяжкаатлеткі, якія па целаскладзе вельмі падобныя да нас, падлеткаў, з лёгкасцю, упэўнена, адточанымі рухамі падымалі дзясяткі кілаграмаў. Нашы школьныя спартсмены адзначылі, што і ім ёсць да чаго імкнуцца, расці фізічна, самаўдасканальвацца. Па дарозе дадому ў чатах актыўна дзяліліся атрыманымі ўражаннямі і фотаздымкамі паміж сабой і з сябрамі, якім менш пашанцавала з паездкай, будавалі планы на далейшы сумесны адпачынак.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі прадастаўлены Сяргеем Каско

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: