Зберагчы кожнае зярнятка (+відэа)

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Уборачная кампанія-2023  у ААТ “Граніт-Агра” традыцыйна стартавала святам “Зажынкі”, у час якога ўшанавалі працаўнікоў жніва і пажадалі поспехаў у іх нялёгкай працы. 

На зжатым полі каля вёскі Еленка сабраліся адміністрацыя і работнікі ААТ “Граніт-Агра”, кіраўніцтва раёна, Данілавіцкага сельвыканкама, а таксама прадстаўнікі прафсаюза і духавенства. Тут выстраілася ўся ўборачная тэхніка гаспадаркі, якая сёлета будзе занята на ўборцы.

Ужо хутка камбайнавыя экіпажы выйдуць у поле, каб ставіць працоўныя рэкорды, але пачынаецца ўсё з першага снапа, які з часоў нашых продкаў пад меладычную народную песню жанчыны жалі сярпамі, бласлаўляючы новае пачынанне. Першы сноп галоўны аграном уручыла гаспадару свята – дырэктару ААТ “Граніт-Агра” Станіславу Мазуру.

Станіслаў Станіслававіч звярнуўся да гранітаўцаў са словамі пажаданняў:

– Ад усёй душы віншую вас з пачаткам уборачнай кампаніі-2023 . Прырода заўжды робіць нам сюрпрызы, гэты год таксама быў не падобны на папярэднія. Аднак дзякуючы зладжанай рабоце агранамічнай службы, сёння на палях мы бачым някепскі ўраджай. Прашу вас сабраць яго дастойна, не згубіўшы ніводнага зярнятка, адвезці на зерняток, дапрацаваць, таму што ён сапраўды вельмі дарагі для нас. Хачу пажадаць усім, каб фінішная прамая была з важкімі намалотамі. Жадаю  дасягнуць выдатных вынікаў як на ўзроўні раёна, так і вобласці. Моцнага здароўя і ўдачы ўсім. Дзякуй за працу!

Пастаянны перадавік жніва Уладзімір Гукіш перадаў кіраўніку гаспадаркі каравай мінулага ўраджаю з пажаданнем, каб сёлетні быў не горшы за папярэдні.

Аграрыяў павітаў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка:

– ААТ “Граніт-Агра” заўжды славіцца выдатнымі вытворчымі вынікамі, высокай культурай земляробства. У гэты дзень хочацца пажадаць вам дабрабыту, удачы, камбайнерам – шмат тысяч намалоту, каб дастойна завяршыць справу, распачатую вашымі калегамі. Бо да таго выніку, які вы сёння маеце, прыклалі руку ўсе работнікі гаспадаркі: агранамічная служба, механізатары, людзі, якія своечасова рабілі працэдуры па доглядзе палёў. Ваша задача сёння – сабраць максімум ураджаю, вырашчанага на палетках. Удачы вам, поспехаў. У добры шлях!

Да словаў віншавання далучыліся старшыня Данілавіцкага сельскага савета Ганна Жых і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Дубовік. Яны пажадалі аграрыям плённай працы, добрага надвор’я, дабрабыту ў сем’ях і міру на зямлі.

Расказалі аб асаблівасцях сёлетняй уборачнай кампаніі, павіншавалі калег па працы галоўны аграном ААТ “Граніт-Агра” Алена Майсейчык і галоўны інжынер гаспадаркі Андрэй Падліпскі.

– Жадаю вам сіл, цярпення, моцнага здароўя і ўдачы ў час сёлетняй уборачнай кампаніі, – звярнулася да прысутных Алена Сяргееўна. – Гэты сельскагаспадарчы год сапраўды пачаўся ў экстрэмальных умовах, і сёння толькі ад вас залежыць, што патрапіць у амбар. Прашу вас з усёй адказнасцю паставіцца да сваёй задачы, зберагчы кожнае зярнятка. Сёлета нямала камбайнераў селі за руль гэтай вялікай машыны ўпершыню. Ад усёй душы жадаю, каб хлебаробная справа стала справай усяго вашага жыцця , прыносіла шчасце, задавальненне і дастойны даход.

Спецыяльна да свята “Зажынак” былі выпечаны вялікія караваі і здобныя кексы, якімі пачаставалі ўсіх гасцей.

Памаліліся за добры ўраджай і асвяцілі сельскагаспадарчую тэхніку настаяцель храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы Валерый Мануйла і ксёндз-магістр Алег Жураўскі.

Урачысты старт дадзены, наперадзе – гарачая пара жніва. Сёлета аграрыям Дзятлаўшчыны належыць сабраць ураджай з 23 000 гектараў пасяўных плошчаў, зрабіць свой важкі ўклад у беларускі каравай.

Наталля АВЯРЧУК

Відэа Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga