Якія праблемы дапаможа вырашыць натарыус?

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

На пытанні дзятлаўчан адказвае натарыус Гродзенскай натарыяльнай акругі Жанна Сёмуха.

Пытанне: у майго сына ва ўласнасці ёсць кватэра. Але на дадзены момант ён пражывае за мяжой. Ці можа сын па генеральнай даверанасці, аформленай на маё імя, падарыць кватэру мне або мужу?

Адказ: падарыць кватэру па даверанасці самому сабе нельга. Даверанасць – гэта пісьмовае паўнамоцтва, выдаваемае адной асобай другой для прадстаўніцтва перад трэцімі асобамі. Пагэтаму, калі даверанасць выдадзена на ваша імя, то вы як давераная асоба падарыць кватэру на сваё імя не можаце. Але можаце ад імя вашага сына падарыць яе любой трэцяй асобе. Акрамя гэтага, вы павінны ведаць, што даверанасць на здзяйсненне дарэння прадстаўніком, у якой не названы адорваемы і не ўказаны прадмет дарэння, нікчэмная.

Пытанне: я згубіла пасведчанне аб праве на спадчыну па законе, атрыманае ў натарыяльнай канторы. Зараз хачу прадаць жылы дом, але без гэтага пасведчання не магу. Дзе можна атрымаць дублікат такога дакумента?

Адказ: неабходна звярнуцца ў натарыяльны архіў або да натарыуса, у якога на захоўванні знаходзіцца экзэмпляр пасведчання аб праве на спадчыну па законе. Дублікат або архіўная копія – дакладныя копіі згубленага дакумента, якія маюць аднолькавую з сапраўдным экзэмплярам юрыдычную сілу. Дублікаты натарыяльна засведчаных дакументаў выдаюцца грамадзянам і юрыдычным асобам ад імені, на імя, па даручэнні або ў адносінах якіх здзяйсняліся натарыяльныя дзеянні па іх пісьмовых заявах.

Падрыхтавала Таццяна САНЮК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga