Летнія канікулы можна бавіць не толькі весела і цікава, але і з карысцю, як гэта робяць наведвальнікі летніка працы і адпачынку “Юнацтва” Вензавецкай сярэдняй школы.
– Ужо больш за 10 гадоў запар у навучэнцаў 9-10 класаў нашай установы ёсць магчымасць правесці працоўную змену ў “Юнацтве”, – расказала дырэктар летніка Алена Баканава. – Варта адзначыць, што робяць яны гэта з вялікім жаданнем. Дзякуючы таварыству з абмежаванай адказнасцю “РоданАграПол”, сёлета нашы юнакі і дзяўчаты працаўладкаваны паляводамі ў гаспадарку. У іх абавязкі найчасцей уваходзіць відавая праполка культур. За работай школьнікаў на палетках сочаць выхавальнік і брыгадзір – падказваюць ім, паказваюць, тлумачаць, што і як правільна рабіць.
Працуюць дзеці па некалькі гадзін на дзень, астатні час адпачываюць за цікавымі заняткамі. Вялікую ўвагу педагогі скіроўваюць як на ўмацаванне здароўя школьнікаў, так і на выхаванне ў іх пачуцця патрыятызму, таму ў план работы ўключаны мерапрыемствы з акцэнтам на Год міру і стварэння.
На гэты раз пасля работы ў полі і смачнага абеду для навучэнцаў была праведзена яшчэ і прафарыентацыйная гутарка. Наведвальнікі летніка “Юнацтва” даведаліся аб факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Больш дэталёва – аб спецыяльнасці “інфармацыя і камунікацыя”, а таксама азнаёміліся з умовамі паступлення і навучання.
У сваю чаргу вучні падзяліліся ўражаннямі ад працоўнага лета.
Расціслаў Баканаў:
– Работа ў полі і тэматычныя экскурсіі дапамагаюць нам усвядоміць спецыфіку сельскай працы. Безумоўна, яна не лёгкая, але даволі цікавая. Таму ў далейшым я мяркую звязаць сваё жыццё менавіта з сельскагаспадарчай галіной.
Арцём Глушкевіч:
– Мы даволі сур’ёзна ставімся да даручаных абавязкаў, хаця бывае, прыходзіць жаданне як мага хутчэй справіцца з заданнем, каб пагуляць, напрыклад, у футбол. І ўсё ж, працоўны летнік – гэта асаблівая атмасфера, бо тут мы можам адчуць сябе больш дарослымі.
Яна Клуйша:
– У працоўны летнік мы прыйшлі ў першую чаргу, каб зарабіць уласныя грошы, і падганяць нас не трэба. Вядома ж, крыху стамляемся, аднак не перажываем, бо ведаем, што пасля некалькіх гадзін работы нас чакае прыемны сумесны адпачынак.
Валерыя Белавус:
– Летась я таксама наведвала працоўны летнік. Мне тут вельмі падабаецца, бо, акрамя магчымасці правесці час з сябрамі і адпачыць, можна яшчэ і грошы зарабіць. Частку заробленага мяркую патраціць на пакупкі да новага навучальнага года, каб крыху фінансава разгрузіць бацькоў.
Мікіта ПАПРОЦКІ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga