Усе мы сочым за лічбамі прыемнай статыстыкі і ведаем, што ў Дзень Незалежнасці ў Рэспубліцы Беларусь нарадзілася 121 немаўля.
На Гродзеншчыне, напрыклад, прайшло 12 родаў: на свет з’явіліся 7 дзяўчынак і 5 хлопчыкаў.
Адметна, што па добрай традыцыі штогод у рамках святкавання важнай у гісторыі краіны даты Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі праводзіць акцыю “Падары немаўляці вышыванку”. Не стаў выключэннем і Год міру і стварэння. На Дзятлаўшчыне падарункі, упрыгожаныя нацыянальнай сімволікай, атрымала сям’я Яўгенія і Ангеліны Роікаў, у якіх напярэдадні Дня Незалежнасці, 27 чэрвеня, з’явілася на свет трэцяя дачушка.
5 ліпеня шчаслівыя бацькі ўрачыста зарэгістравалі маленькую грамадзянку нашай краіны ў аддзеле ЗАГС Дзятлаўскага райвыканкама, надзяліўшы яе прыгожым іменем – Ніколь.
Рэгістрацыю дзіцяці правяла загадчыца аддзела ЗАГС Кацярына Ваніслаўчык. Яна пажадала бацькам, каб нараджэнне дачкі прынесла ў іх жыццё яшчэ больш радасці і шчасця, каб дачушка расла здаровай і шчаслівай пад абаронай свайго анёла-ахоўніка, а ўсе мары яе блізкіх збываліся. Перадаўшы пасведчанне аб нараджэнні бацькам, спецыяліст не абышла ўвагай сястрычак Ніколь, якім цяпер 4 і 2 гады, і падарыла ім паветраныя шары ад аддзела ЗАГС.
Да цёплых пажаданняў на адрас бацькоў далучылася бабуля нованароджанай – Зоя Роік. Яна выказала спадзяванне, што ўнучка будзе расці добрай дзяўчынкай, а бацькі, гледзячы на трох сваіх дзяцей, будуць заўсёды радавацца і ўсміхацца.
Ад імя раённага камітэта ГА “БРСМ” удачы і шчаслівага бацькоўства сям’і Роікаў пажадала спецыяліст гэтай арганізацыі Наталля Маркава і ўручыла падарункі ад аб’яднання.
Члены сям’і падзяліліся сваімі ўражаннямі ад акцыі:
Зоя Роік, бабуля:
– Я вельмі шчаслівая, бо ў мяне ёсць такі “прыгожы букет” – тры ўнучкі. Цудоўна, што ладзяцца падобныя акцыі. Вялікае дзякуй арганізатарам, было вельмі прыемна і хвалююча. Безумоўна, гэты дзень нам запомніцца.
Яўгеній Роік, бацька:
– Мерапрыемства выдатнае. Мы вельмі чакалі трэцюю дачушку і шчаслівыя яе з’яўленню. Няхай дзеткі падрастаюць. Сёлета, калі ўсё атрымаецца, мы марым засяліцца ва ўласны дом.
– Вы шчаслівы тата, у вас тры дачкі.
– Сапраўды, гэта цудоўна. Мы з задавальненнем гуляем разам.
– Якія традыцыі ў вашай маладой сям’і?
– Дні нараджэння нашых маленькіх дачушак і адметныя сямейныя даты стараемся зрабіць памятнымі. Для гэтага найчасцей ладзім сумесныя сямейныя падарожжы. З дзецьмі мы ўжо пабывалі ў Гродзенскім і Баранавіцкім заапарках, парку атракцыёнаў у Мінску, у Лідзе.
– Як шматдзетныя бацькі, чаго жадаеце іншым сем’ям раёна?
– Вядома ж, папаўнення. Трэба, каб на Дзятлаўшчыне нараджалася больш дзетак, каб наш раён рос і прыгажэў.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga