Моцныя духам і братэрствам

Важнае Здарэнні і бяспека

25 ліпеня адзначаюць сваё свята людзі адважнай прафесіі, сапраўдныя мужчыны.

На Дзятлаўшчыне на варце чалавечых жыццяў і маёмасці служаць 60 ратаўнікоў  у 4 пажарных падраздзяленнях, кожнае з якіх мае сваю гісторыю і дружны калектыў. Дзень пажарнай службы – добрая нагода расказаць гэтым разам пра пажарны аварыйна-выратавальны пост № 13 у Раготне.

Ніхто не ведае лепш гісторыю паста, чым яе заснавальнік і першы начальнік Іван Ашмян. Мінула крыху больш за дзясятак гадоў, як ён адышоў ад спраў, цяпер знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але часта наведвае родны калектыў.

– Добры час, калі мы былі маладыя, пара рамантыкі, веры ў свае сілы і магчымасці, час вялікіх справаў і дасягненняў, – узгадвае ён.

Мясцовы жыхарІван Іосіфавіч, калі пасля школы  атрымаў спецыяльнасць у Гродзенскім сельскагаспадарчым інстытуце, шэсць гадоў працаваў аграномам. Калі было прынята рашэнне адкрываць у Раготне пажарны пост, тагачасны кіраўнік аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Малышчык прапанаваў аграрыю перакваліфікавацца ў ратаўнікі і ўзначаліць структурнае падраздзяленне. Іван Ашмян пагадзіўся на каардынальныя перамены ў жыцці.

1 снежня 1995 года – дзень нараджэння ПАВП № 13. Пасля вучобы на спецыяльных курсах у Гродне і Барысаве яго кіраўнік прыступіў да сваіх абавязкаў. Мужчына і сёння помніць калектыў, з якім пачынаў службу: тут пераважна працавалі людзі адказныя, сямейныя, усе былі прыкладна аднаго ўзросту і інтарэсаў. Сярод калег-сяброў – Аляксандр Мармыш, Аляксандр Кардаш і іншыя, з якімі сёння не губляюць сувязі, стараюцца кожны год сустракацца.

– Будынак для пажарнага паста нам перадалі ў карыстанне ад калгаса, рамонт і рэканструкцыю рабілі сваімі рукамі: пілавалі, фарбавалі, будавалі трэніровачную вежу, добраўпарадкавалі тэрыторыю, так бы мовіць, пачыналі з нуля. Акрамя таго, стваралі ўсю дакументальную базу. Прытрымліваліся правіла — “рабі як для сябе”, – успамінае Іван Іосіфавіч. – А вось забеспячэнне тэхнікай у нас было выдатнае: з рэспубліканскага бюджэту нам выдзелілі спецыялізаваную пажарную машыну “Урал АЦ-40” умяшчальнасцю 5800 тон вады, на той час самую вялікую і ўсёпраходную ў раёне, другую машыну прадаставіў калгас.

Працаваць даводзілася па ўсім Дзятлаўскім раёне і нават у суседнім Лідскім. Як і цяпер, работа была інтэнсіўнай, напружанай і часам непрадказальнай. Адной з цяжкасцяў была адсутнасць пастаяннай тэлефоннай сувязі.

– Бывала такое, што едзем у аддаленую вёску, дзе пажар, трэба абясточыць дамы, правесці разведку, далажыць абстаноўку. А ў вёсцы ў лепшым выпадку ў пары дамоў стацыянарныя тэлефоны, якія былі ў той час не надта распаўсюджаныя. Сучасная мабільная сувязь значна спрасціла сітуацыю, – расказвае мужчына.

Пажарная служба стала для Івана Ашмяна важнай старонкай у жыцці. Перагортваць яе не хочацца, ды і не трэба, бо былых ратаўнікоў не бывае. Ён помніць слаўныя часы, калі любую надзвычайную сітуацыю вырашалі смеласць, вопыт і ратаўніцкае братэрства. Нягледзячы на тое, што быў кіраўніком, сам не раз выязджаў на тушэнне пажараў, ведаў аб гэтай справе ўсё. Бягуць гады, а пажарная служба раёна застаецца нагодай для гонару як для тых, хто сёння працуе тут,  так і для ветэранаў. Сам Іван Іосіфавіч любіць расказваць унукам, якія часта гасцююць у дзядулі, цікавыя гісторыі пра службу. Не так даўно ён прыводзіў іх на экскурсію на родны пажарны пост.

Сёння работа на ПАВП № 13 у руках новага пакалення ратаўнікоў, якія таксама дастойна нясуць службу. На падраздзяленні ў Раготне выконвае абавязкі кірраўніка ўраджэнец Лозак, старшы інструктар-ратаўнік Уладзімір Шалесны, якога лёс прывёў у пажарную службу з творчай сферы. У 2008 годзе ён памяняў музычную прафесію на службу ў аддзеле па надзвычайных сітуацыях, за гэты час ні разу не пашкадаваў аб сваім выбары. З 2019 года Уладзімір  Уладзіміравіч служыць у ПАВП № 13.

– Спадабаліся дружны калектыў, стабільнасць, графік работы, дастойная зарплата, – расказвае мужчына аб сваіх матывах. – Разам з тым, ратаўнік – высакародная прафесія, якая выклікае павагу і гонар як у блізкіх, так і незнаёмых людзей. Нават жонка часам кажа: “Які ты прыгожы ў форме!”.

Уладзімір Уладзіміравіч расказаў пра штодзённы распарадак паста. Тут працуюць тры змены ў саставе інструктара-ратаўніка і вадзіцеля, усе дастаткова вопытныя, займаюцца аператыўнай работай. У раён выезду ўваходзяць не толькі маланаселеныя вёскі, але і стратэгічныя аб’екты, такія як Дварэцкі льнозавод, лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”, Казлоўшчынскі псіханеўралагічны дыспансер.

– Узгадайце самы запамінальны выпадак на рабоце за гэтыя гады, – звяртаюся да суразмоўцы.

– Звычайна больш запамінаецца найгоршае, – кажа ён. – Дагэтуль яскрава помню буйны пажар у вёсцы Гярбелевічы, калі гарэла некалькі дамоў і гаспадарчых пабудоваў. Быў моцны вецер, але ў напрамку ад вёскі, гэта ўратавала населены пункт ад большых пашкоджанняў.

– Што пажадаеце калегам да Дня пажарнай службы?

– Не буду арыгінальным: жадаю сухіх рукавоў, моцнага здароўя і дабрабыту ў доме.

Вадзіцель ПАВП № 13, прапаршчык унутранай службы Сяргей Мазоль  – адзін з самых вопытных дзеючых супрацоўнікаў паста. У пажарнай службе ён больш за 22 гады, 8 з іх у Раготне.

Пасля заканчэння прафтэхвучылішча ў Казлоўшчыне ён атрымаў спецыяльнасць вадзіцеля і зразумеў, што прафесійную дзейнасць хоча звязаць з ёй. Кіраваў аўтатранспартам у розных “грамадзянскіх” арганізацыях раёна, а затым уладкаваўся на службу на пажарны пост № 12 на малой радзіме ў Падвялікім. З таго часу прафесія ратаўніка стала яго жыццём. Расказваючы пра тое, чым адрозніваецца вадзіцель выратавальнай машыны ад звычайнага, мужчына пералічвае:

– Аўтамабіль – ён усюды аўтамабіль. Аднак дадаткова трэба ведаць “на зубок” размяшчэнне абсталявання, пажарна-тэхнічнага ўзбраення. Мая задача – адвезці людзей на аб’ект, падаць сродкі вогнетушэння, а далей – любая дапамога напарніку, якая спатрэбіцца. Акрамя статута і службовых абавязкаў, у пажарнай службе важныя ўзаемная падтрымка і надзейнае плячо таварыша ў патрэбны момант.

Вадзіцелю тут няма калі сядзець склаўшы рукі. Паміж баявымі выездамі – тэхнічнае абслугоўванне аўтамабіля, самаадукацыя. Нядаўна штат паста папоўніўся трыма “новенькімі” вадзіцелямі, а ў Сяргея Віктаравіча дадалося клопату: перадаць маладому пакаленню вопыт і навучыць нюансам справы.

Зручны працоўны графік дазваляе паспець  шмат чаго зрабіць дома.

– Усім займаюся пакрыху: будую свой дом, рамантую тэхніку – трактар і аўтамабіль, часам дазваляю сабе проста адпачыць.

Да прафесійнага свята Сяргей Мазоль жадае саслужыўцам абавязковае “сухіх рукавоў”, а таксама веры ў сябе і задавальнення ад жыцця.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga