Кантроль, адкрытасць і ўзаемадзеянне

Галоўнае Грамадства

У райвыканкаме прайшоў семінар-нарада па пытаннях прафілактыкі п’янства і алкагалізму, папярэджання знаходжання на працоўным месцы ў стане алкагольнага ап’янення.

У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна; упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва; Дзятлаўскай ЦРБ.

Першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка адзначыў, што з мэтай выканання Дырэктывы № 1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі дысцыпліны” на тэрыторыі раёна вялікая ўвага надаецца пытанням аховы працы, стану працоўнай і грамадскай бяспекі, стварэння бяспечных умоваў на вытворчасці, праводзіцца прафілактычная работа і прымаюцца меры па зябеспячэнні вытворча-тэхнічнай дысцыпліны.

– Нягледзячы на актыўную прафілактычную работу, тэматыка застаецца актуальнай для сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна, – заўважыў Віталій Тадэвушавіч. – На жаль, нярэдкія факты з’яўлення на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення, што можа быць звязана з парушэннем тэхнікі бяспекі і, як вынік, траўматызмам.

Віталій Шулейка заклікаў прысутных не замоўчваць праблему, выяўляць факты п’янства на рабоце, парушэнні працоўнай дысцыпліны і самім паведамляць міліцыі, працаваць у вырашэнні гэтай праблемы сумесна з участковымі інспектарамі. Ён прапанаваў павысіць кантроль за работнікамі кожнага з прадпрыемстваў, знайсці для гэтага дзейсныя спосабы.

 

Галоўны спецыяліст сектара механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Сцяпан Вольскі нагадаў аб адказнасці за знаходжанне работнікаў гаспадарак на працоўным месцы ў нецвярозым стане: яе нясуць не толькі самі аператары, механізатары, даглядчыкі і вартаўнікі, а і начальнікі падраздзяленняў.

У красавіку прайшла калегія, прысвечаная гэтай праблеме, па выніку якой былі прыняты канкрэтныя крокі:  два разы на тыдзень праводзіць праверку работы вартавой аховы, а таксама забяспечыць арганізацыі і прадпрыемствы раёна алкатэстарамі, якія будуць выкарыстоўваць спецыялісты гаспадаркі. Акрамя таго што п’яныя парушальнікі атрымліваюць пакаранне згодна з законам, у кожнай гаспадарцы ёсць свае “рычагі”. Гэта пазбаўленне прэміі на працяглы час, звальненне або страта дадатковых сацыяльных выгодаў (напрыклад, у ААТ “Граніт-Агра” – гэта важкі харчовы набор раз на месяц кожнаму, хто не парушае дысцыпліну).

– Важна кантраляваць стан работнікаў гаспадарак не толькі ў пачатку працоўнага дня, а і яшчэ некалькі разоў на працягу працоўнай змены і на завяршэнні яе, – заўважыў Віталій Шулейка. – Не замоўчвайце выяўленыя праблемы, бо калі іх не вырашыць сёння, заўтра можа быць ужо позна. Пры гэтым, калі гаспадарка сама зафіксавала факт знаходжання на працоўным месцы ў стане алкагольнага ап’янення і паведаміла аб гэтым у органы правапарадку, гэта будзе адлюстравана ў міліцэйскім пратаколе.

Сярод станоўчых прыкладаў прафілактычнай работы Віталій Тадэвушавіч прывёў устаноўку на ААТ “Дварэцкі льнозавод” аўтаматызаванай прапускной сістэмы, якая ўключае ў сябе кантроль стану здароўя кожнага работніка.

Аб прафілактыцы злачынстваў, правапарушэнняў, якія здзяйсняюцца ў стане алкагольнага ап’янення, расказаў начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі АУС райвыканкама Андрэй Юшкевіч.

– Колькасць “алкагольных” злачынстваў у нашым раёне, на жаль, расце, – у пацвярджэнне Андрэй Яўгеньевіч агучыў лічбы абласной і раённай статыстыкі. – Найбольш частыя з іх – крадзяжы з  пустуючых дамоў і тэрыторыі прадпрыемстваў.

Ён заклікаў арганізацыі раёна ўзмацніць работу вартавой аховы і кантроль на працоўных месцах у дзённы і начны час, наладзіць цеснае супрацоўніцтва ідэалагічных работнікаў з участковымі інспектарамі.

Доктар агульнай практыкі Дзятлаўскай ЦРБ Аксана Цыкман нагадала аб небяспецы, якую п’янства і алкагалізацыя нясуць для здароўя насельніцтва.

– У рабоце па захаванні бяспекі людзей не павінна быць фармалізму, – падвёў вынік сустрэчы Віталій Шулейка. – Задача кожнага кіраўніка – зрабіць усё неабходнае, каб яго работнікі вярнуліся дадому пасля заканчэння працоўнага дня жывымі і здаровымі. Таму ў вырашэнні пытанняў працоўнай дысцыпліны ўсім вам трэба працаваць актыўна, адказна і патрабавальна.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga