ГрадусПлюс. Няхай яноты сарціруюць?

Важнае Грамадства

Некалькі слоў аб тым, што перашкаджае нам быць культурнымі

 

Найперш узгадваецца тое, што навідавоку: праблема збору і перапрацоўкі другасных матэрыяльных рэсурсаў. Лідарамі сярод краін свету ў гэтай сферы з’яўляюцца Германія, Аўстрыя і Паўднёвая Карэя. А дзе ж мы ў тым спісе? Адказ на гэта пытанне можна знайсці ў спальных мікрараёнах нашага горада і за гандлёвымі аб’ектамі, дзе роўнымі радамі стаяць прыгожыя новенькія, дзе-нідзе, праўда, распісаныя артамі, кантэйнеры для раздзельнага збору смецця. “Пластык”, “Шкло”, “Папера” – большасць з іх напалову пустыя нават у пачатку працоўнага тыдня пасля выхадных. Затое кантэйнеры для агульнага збору цвёрдых камунальных адходаў перапоўнены даверху: тут знаходзяцца і пластык, і шкло, і макулатура, якія маглі б адправіцца па прызначэнні на перапрацоўку, а не быць пахаванымі на палігоне. А вось невядомыя “культурныя” людзі, мабыць, каб не турбаваць слых суседзяў, не  сталі выкідваць па прызначэнні батарэю шкляных бутэлек, не шкадуючы пры гэтым рукі і спіны камунальнікаў, якім усё адно давядзецца гэта прыбіраць. Побач з кантэйнерам ставіць дапускаецца, але толькі ў адным выпадку: калі ёмістасць перапоўнена або другасныя рэсурсы па габарытах не ўваходзяць туды.

Статыстыка сцвярджае, што кожны беларус за год выкідвае прыкладна  445 кілаграмаў смецця, прычым амаль палова з гэтага – патэнцыяльныя другасныя матэрыяльныя рэсурсы. Калі б усё гэта ішло па прызначэнні, мы б не толькі планы ўсе закрылі, а, магчыма, і дабрабыт свой палепшылі.

Узнікае пытанне: людзі, чаго вам трэба, каб сарціраваць, як гэта робіць увесь цывілізаваны свет? Пункты прыёму другасных матэрыяльных рэсурсаў ёсць: працуюць у Дзятлаўскім РУП ЖКГ, раённым філіяле Гродзенскага аблспажыўтаварыства, у прыватных прадпрымальнікаў; кантэйнеры для раздзельнага збору смецця ў дастатковай колькасці цяпер стаяць як у мікрараёнах шматпавярховых забудоваў, так і ў кожным прыватным доме; запамінальная рэклама па тэлебачанні і радыё  з абаяльнымі янотамі транслюецца пастаянна; тэкставых памятак і інфармацыйных лістовак таксама дастаткова.

Як кажуць мудрыя прадстаўнікі старэйшага пакалення, бізуна на вас толькі не хапае. А калі сур’ёзна, паважаныя землякі, здаецца, надышоў час пачаць быць дысцыплінаванымі дзеля сябе, малой радзімы і сваёй краіны, паказваючы прыклад дзецям, каб ведалі, з чаго складаецца дабрабыт.

Наталля АВЯРЧУК