“Цягнік Памяці”: і сінявокая Беларусь, і неабсяжная Расія

Важнае Грамадства

Завяршыўся ІІ сезон саюзнага моладзевага патрыятычнага праекта “Цягнік Памяці”, які сёлета злучыў 200 маладых людзей з Беларусі, Расіі, Кыргызстана, Арменіі.

Яго маршрут пралёг праз 14 гарадоў, у кожным з якіх пасажыры знаёміліся з мясцовымі славутасцямі і аддавалі даніну памяці тым, хто захаваў для нас мір і спакой.

Сярод вандроўнікаў была наша зямлячка, навучэнка 11 класа сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Анастасія Шавель. Каб трапіць на праект, Анастасія паўдзельнічала ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Я патрыёт сваёй краіны”, годна вытрымала ўсе яго іспыты.

Дзяўчына з задавальненнем падзялілася ўражаннямі ад вялікага падарожжа на “Цягніку Памяці”:

– За плячыма тысячы кіламетраў, гарады Брэст, Гродна, Полацк, Мінск, Магілёў, Жлобін, Санкт-Пецярбург, Ніжні Ноўгарад, Уфа, Самара, Валгаград, Тула, Кубінка, Масква. Усе яны цесна звязаны з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Наш цягнік адправіўся ў дарогу 22 чэрвеня з Брэста. Як ведаем, менавіта з гэтым горадам і трагічнай датай звязаны падзеі пачатку вайны 1941-1945 гадоў. За два дні ў Брэсце мы сталі гледачамі рэканструкцыі былых гістарычных падзей, пагрузіліся ў незабыўную атмасферу гераізму і самаахвярнага служэння Радзіме, нібыта пабачылі “кусочак далёкай вайны”.

Наступным прыпынкам стаў мой любімы беларускі горад Гродна, дзе чакалі аглядавая экскурсія і адпачынак на базе “Прывал”. Усё было вельмі дастойна. Гродна і Брэст заўсёды былі фарпостам на заходніх рубяжах нашай краіны, гэта прыгожыя беларускія гарады, якія абавязкова варта наведаць, калі там яшчэ не бываў. Адзначу і тое, што ўдзельнікам праекта наогул спадабалася наша Беларусь, яе чысціня, архітэктура, людзі, уласцівыя беларусам добразычлівасць і гасціннасць.

А вось першым расійскім горадам, які прымаў нас, была культурная сталіца краіны-суседкі – старажытны Пецярбург. У Пецяргофе мы наведалі дзяржаўны музей-запаведнік са шматлікімі фантанамі, старажытным садам і цудоўным відам на Фінскі заліў. Пабывалі і на гарадскім выпускным вечары – фестывалі “Алыя ветразі”. У памяці засталіся дзве неперадаваемыя гадзіны феерверкаў, незабыўныя эмоцыі, бо з берага мы мелі магчымасць назіраць за караблём і любавацца на яркае шоу.

Не менш спадабаўся мне расійскі горад моладзі – Ніжні Ноўгарад. Нягледзячы на сваю важкую гісторыю, ён вельмі сучасны, там мы таксама трапілі на свята, атрымалі сувеніры і падарункі. Дарэчы, штосьці адметнае нам дарылі на кожным прыпынку цягніка, каб на памяць засталася рэч, якая будзе нагадваць пра канкрэтны горад, яго славутасці.

Паколькі моладзевы патрыятычны праект арганізаваны пад эгідай Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі і ініцыіраваны спікерамі верхніх палат парламентаў дзвюх краін – Наталляй Качанавай і Валянцінай Мацвіенка, то ў наступным расійскім горадзе Уфе на юбілейным Х Форуме рэгіёнаў Расіі і Беларусі адбылася сустрэча маладых пасажыраў цягніка з гэтымі жанчынамі-палітыкамі. Мае аднагодкі змаглі задаць ім самыя розныя пытанні: аб Вялікай Айчыннай вайне, сучаснасці і будучыні, развіцці Расіі і Беларусі. Аднак больш мне спадабалася пытанне, ці будуць яшчэ сустрэчы ў выпускнікоў “Цягніка Памяці”. На што нас запэўнілі, што абавязкова адбудзецца фестываль з запрашэннем пасажыраў розных гадоў, бо ўсе яны ўвайшлі ў летапіс праекта. Наогул, спадабалася на роўных кантактаваць з прадстаўнікамі ўлады, не было рэзкай грані “дарослы – дзіця”, наш дыялог будаваўся на павазе, разуменні, талерантнасці. Сярод палітыкаў яшчэ былі намеснік старшыні Савета Федэрацыі Канстанцін Касачоў і член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, ён жа куратар праекта Віктар Лісковіч, які суправаджаў нас на працягу ўсяго падарожжа. Упэўнена, што пытанні і прапановы моладзі былі пачуты.

Пасля паездкі па Расіі прыемна было зноў завітаць у Беларусь. Пабывалі ў Магілёве, а таксама на малой радзіме Прэзідэнта – у Александрыі. Там частаваліся вадой з Трафімавай крыніцы, убачылі абрад “Купалле”, нават пасядзелі за школьнай партай Аляксандра Рыгоравіча. Усё было па-простаму, а ў Расіі мне так не хапала гэтай цёплай хатняй атмасферы, бо ў Беларусі нават дыхаецца па-іншаму. А вось у Мінску ў Дзень Незалежнасці на Кургане Славы пасажыры “Цягніка Памяці” сустрэліся з самім Аляксандрам Лукашэнкам, усклалі кветкі да мемарыяла, аддалі даніну памяці воінам-вызваліцелям.

Апошнія прыпынкі маршруту зноў вярнулі нас на расійскую тэрыторыю. Спачатку было падмаскоўнае Зараддзе і парк “Патрыёт”, які пабудаваны на месцы былой гасцініцы “Расія”. Ён вельмі сучасны, асабліва ўсім запомніўся 3D-атракцыён “Палёт над Масквой” – гэта рэканструкцыя авіяздымак, дзе можна набліжацца да розных аб’ектаў і славутасцяў. А таксама інтэрактыўны музейны экран на ўсю сцяну, на якім наведвальнікі могуць адшукаць любыя факты аб падзеях і ўдзельніках вайны. У “Патрыёце” размешчана партызанская вёска. Менавіта мяне яна зацікавіта тым, што і на Дзятлаўшчыне ў Ліпічанскай пушчы рэалізаваны падобны праект. Вельмі ўразіла Масква і Крэмль, дзе мы ўсклалі кветкі да магілы невядомага салдата, сустрэліся з мэрам расійскай сталіцы Сяргеем Сабяніным. Шыкоўным і запамінальным было закрыццё праекта, калі сядзелі ля вялікага вогнішча, спявалі песні пад гітару, абменьваліся кантактамі, бо за час вандроўкі ўсе сталі сябрамі.

Безумоўна, назаўсёды ў маёй душы застануцца тыя любоў і сяброўства, якія падарыў нам “Цягнік Памяці”. Упэўнена, што ўсе яго пасажыры не проста пагрузіліся ў родную гісторыю, але і запазычылі для сябе шмат новага, з яшчэ большай павагай і пашанай будуць адносіцца да мінуўшчыны родных краін і вучыць гэтаму іншых. За вандроўку моладзь адчула і зразумела, якой маштабнай была Вялікая Айчынная вайна, колькі ў яе ахвяраў і якой дарагой цаной адваявана мірнае неба для будучых пакаленняў. Мяркую, што сёлета былі дасягнуты асноўныя мэты праекта – аб’яднаць моладзь, паказаць праўду пра Вялікую Айчынную вайну і даць магчымасць даведацца пра культурныя традыцыі і звычаі розных народаў. Усе мы сталі падпісчыкамі Telegram-канала “Цягнік Памяці”, дзе таксама транслюецца ўся інфармацыя па праекце. Зразумела, што неабходна пашыраць яго маштабы і далучаць сюды новых удзельнікаў з усіх краін, якія ўваходзілі ў састаў Савецкага Саюза і ў 1945 годзе перамаглі ў Вялікай Айчыннай вайне. Наогул, інфармацыі і эмоцый засталося так шмат, што складана перадаць іх словамі. Адно скажу дакладна, каб была такая магчымасць, то ў паездку адправілася б яшчэ раз!

Ірына СТЫРНІК
Фота аўтара і з архіва Анастасіі ШАВЕЛЬ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: