Выстава “Белагра-2023”. І сябе паказаць, і на іншых паглядзець

Галоўнае Улада

З 6 па 11 чэрвеня ў Мінску праходзіць Міжнародная спецыялізаваная выстава “Белагра-2023”.

Яна разгарнула свае экспазіцыі на базе выставачнага цэнтра Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка “Вялікі камень” і папулярызуе перадавыя напрамкі ў развіцці беларускага раслінаводства, жывёла-, птушкагадоўлі, сучасныя тэхналогіі перапрацоўкі, упакоўкі і захоўвання прадукцыі, багаты выбар сельгастэхнікі.

Па добрай традыцыі форум сабраў на адной пляцоўцы беларускіх аграрыяў, работнікаў харчовай і перапрацоўчай прамысловасці і іх замежных калегаў і партнёраў. Усяго ўдзел у ім прымаюць 450 кампаній з Беларусі, Расіі, Кітая, Пакістана, Турцыі, В’етнама, Германіі, Італіі, Індыі, Палесціны. У ходзе дзелавой праграмы прадугледжана каля 20 тэматычных канферэнцый і семінараў.

Азнаёміцца з дасягненнямі айчыннага аграпрамысловага комплексу ёсць магчымасць і ў звычайных беларусаў з рэгіёнаў. Так, 8 чэрвеня ў Мінск на “Белагра-2023” накіравалася дэлегацыя кіраўнікоў і спецыялістаў прадпрыемстваў аграпрамысловага і перапрацоўчага комплексу Дзятлаўшчыны на чале з першым намеснікам старшыні райвыканкама – начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталіем Шулейкам.

У секцыі “Жывёлагадоўля” на выставе Дзятлаўскі раён прадстаўляе КСУП “Хвінявічы”. Галоўны заатэхнік гэтага ўнітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства Марыя Слушко і ветэрынарны доктар Сяргей Хімера прывезлі для паказу ў сталіцу свайго пародзістага гадаванца, барана-вытворцу Гарыка галандскай пароды тэксель. Падстрыжаны “бландзін” – гонар гаспадаркі, і спецыялісты спадзяюцца, што, дэманструючы яго, прывабяць у КСУП “Хвінявічы” новых пакупнікоў.

– Мы расказваем патэнцыяльным кліентам пра сваіх авечак, раздаём візіткі, буклеты – гэта адзін з надзейных спосабаў рэкламы, – зазначае Марыя Сяргееўна. – Цяпер авечы статак складае каля 800 галоў, сярод якіх да 500 – племянныя тэкселі, астатнія – помесь тэксель-прэкас. Галандская парода тэксель баваўняна-мясная, асабліва славіцца высокім выхадам і смакавымі характарыстыкамі мяса, якое падобна да мрамарнай ялавічыны і не мае характэрнага авечага запаху. Кожную вясну ў сакавіку-красавіку ў нас на свет з’яўляецца каля 200 ягнятак. Іх падрошчваем і рэалізуем. Сярод пастаянных пакупнікоў – фермерская гаспадарка з Карэліцкага раёна, прадавалі і фермерам з Брэстчыны, проста насельніцтву, былі пакупнікі з Расіі і Казахстана. Сёлетні продаж быў асабліва паспяховым, таму цяпер падрошчваем маладняк, на які ўжо фарміруецца чарга з пакупнікоў. Нашы гадаванцы запатрабаваны, спадзяёмся, што так будзе і надалей.

Ірына СТЫРНІК 

Фота прадастаўлены ўдзельнікамі выставы “Белагра-2023”

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga