Свята лёну ў Дварцы

Важнае Культура і адпачынак

Летні святочны каляндар праекта “Дбайных людзей славім – весела час бавім” адкрыўся ўрачыстасцю ў аграгарадку Дварэц.

Мерапрыемства, прысвечанае лёну, любімай беларусамі расліне з больш чым двухтысячагадовай гісторыяй, сабрала мясцовых жыхароў і гасцей з розных куткоў Дзятлаўшчыны. Прысутных павітала гаспадыня пляцоўкі – старшыня Дварэцкага сельвыканкама Вера Добыш:

– Шчыра вітаю вас на свяце! Лён – брэнд нашай мясцовасці, бо на тэрыторыі сельсавета размешчаны льнозавод. Лён вырошчваць нялёгка, гэта адна з самых складаных сельгасработ. Аднак, праяўляючы настойлівасць і працавітасць, калектыў льнозавода дасягнуў высокіх вынікаў у вобласці і рэспубліцы. Наш Дварэц – зямля з багатай гісторыяй, якая і сёння квітнее. Гэта ваша заслуга, паважаныя землякі. Моцнага вам здароўя, дабрабыту, невычэрпнай энергіі для ажыццяўлення планаў. Няхай у вашых дамах пануюць мір і любоў.

У час урачыстасці ўшанавалі людзей, якія займаюцца вырошчваннем і перапрацоўкай лёну – плённа працуюць на ААТ “Дварэцкі льнозавод”. Калег павіншавала са святам вядучы інжынер па ахове працы прадпрыемства Ала Хамко. Яна ўручыла ўзнагароды механізатарам па выніках сяўбы льну-даўгунцу, а таксама лепшым работнікам прадпрыемства.

Вядучыя Людміла і Аляксандр Баклушыны займалі гледачоў цікавымі фактамі пра гэту сельскагаспадарчую культуру і народныя абрады, звязаныя з вырошчваннем лёну, градус добрага настрою падтрымлівалі артысты – ансамбль песні “Мара”, Людміла Гародка, Ганна Харлінская, Ірына Бакшук, Іна Анушкевіч, Тамара Ступак, Андрэй Добыш, Святлана Венская.

Са сваімі лепшымі песнямі на свята лёну прыехалі артысты Гродзенскай абласной філармоніі.
Мерапрыемства прадоўжылася конкурсам “Адгадай мелодыю”, народнымі забавамі ад тэатра гульні “Суседзі” і моладзевай дыскатэкай. Таксама на святочнай пляцоўцы працавалі экспазіцыі музея народнага побыту Дварэцкага дома культуры, работ мастака Аркадзя Сокала, а таксама лаўкі рамеснікаў, надзіманыя атракцыёны і гандлёвыя кропкі з разнастайнымі таварамі і прысмакамі для дзіцячай радасці.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga