Справядлівасць, нагляд і служэнне ў імя закона

Галоўнае Улада

Напярэдадні святочнай даты аб працоўных буднях і калектыве расказаў пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго.

– Віталій Станіслававіч, якой для вашай службы была І палова 2023 года?

– Прымаліся меры, скіраваныя на ўмацаванне законнасці і правапарадку, абарону правоў і законных інтарэсаў грамадзян, узмацненне барацьбы са злачыннасцю і карупцыяй. У ліку прыярытэтных напрамкаў значная ўвага надзялялася раскрыццю і расследаванню злачынстваў, звязаных з экстрэмісцкай дзейнасцю. Правяралася выкананне ў раёне патрабаванняў дырэктываў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, заканадаўства аб прафілактыцы правапарушэнняў, прыродаахоўнага і антыкарупцыйнага заканадаўстваў, у сферы палавой недатыкальнасці непаўналетніх, па ўтрыманні і захаванасці сельскагаспадарчай жывёлы. Прымаліся меры, скіраваныя на папярэджанне і прафілактыку гібелі людзей на пажарах. Аналіз стану злачыннасці паказаў, што на Дзятлаўшчыне за 5 месяцаў 2023 года з 94 да 82, або на 12,8 %, зменшылася колькасць зарэгістраваных злачынстваў, а таксама з 53 да 50 – учыненых у сельскай мясцовасці.

– Два гады таму Генпракуратурай узбуджана крымінальная справа па генацыдзе беларускага народа. Што ў гэтым напрамку робіцца ў раёне сёлета?

– Расследаванні крымінальнай справы па фактах учынення нацысцкімі злачынцамі, іх памагатымі і злачыннымі фарміраваннямі генацыду мірнага насельніцтва на тэрыторыі Дзятлаўшчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд прадаўжаюцца і ў Год міру і стварэння. Следча-аператыўнай групай разам са следчымі райаддзела Следчага камітэта праведзены праверачныя мерапрыемствы і іншыя працэсуальныя дзеянні па матэрыялах архіўнай крымінальнай справы па знішчэнні мірных жыхароў населеных пунктаў раёна, атрыманы доказы ў дачыненні да трох асобаў для спецыяльнай вытворчасці. Пры вывучэнні архіўных крымінальных спраў на тэрыторыі раёна ўстаноўлены і агледжаны больш за 100 раней невядомых месцаў знішчэння і пахавання мірнага насельніцтва, іх геаграфічныя каардынаты ў далейшым будуць размешчаны на публічнай кадастравай карце Рэспублікі Беларусь, вялікая ўвага надаецца інфармаванню грамадскасці аб доказах, устаноўленых следствам. Расследаванне генацыду беларускага народа – гэта даніна памяці загінулым, а таксама захаванне гістарычнай справядлівасці і рэалізацыя антыфашысцкага прынцыпу: “Больш ніколі!”

– Што сярод задач на бліжэйшую перспектыву?

– Нягледзячы на станоўчую дынаміку зніжэння злачыннасці, ёсць шэраг праблем, вырашэнне якіх патрабуе больш пільнай увагі з боку праваахоўных органаў Дзятлаўскага раёна. Напрыклад, злачынствы ў ІТ-сферы. Аналіз сведчыць, што гэта крадзяжы з выкарыстаннем камп’ютарнай тэхнікі. Найбольш часты спосаб падману – вішынг, калі ажыццяўляюцца званкі трымальнікам банкаўскіх картак ад імя праваахоўных органаў і супрацоўнікаў банка для авалодання рэквізітамі картак і крадзяжу грошай. Вострай застаецца праблема палавой недатыкальнасці непаўналетніх: толькі сёлета пацярпелі трое малалетніх дзяцей.

– Раскажыце аб калектыве пракуратуры.

– У нашым штаце 3 аператыўныя і столькі ж тэхнічных работнікаў. Сам я ў органах пракуратуры працую з 2015 года, са снежня 2022 года – пракурорам Дзятлаўскага раёна, ажыццяўляю нагляд за выкананнем заканадаўства раённымі аддзеламі міліцыі і Следчага камітэта. Намеснік пракурора раёна Сяргей Аляшкевіч на займаемай пасадзе таксама з мінулагодняга снежня, у сферы наогул – з 2012 года, ён ажыццяўляе нагляд за законнасцю прававых актаў, выкананнем зямельнага, прыродаахоўнага заканадаўства і аб непаўналетніх і моладзі. Самы “важкі” стаж, з 1992 года, у памочніка пракурора раёна Ірыны Забелінай. Асноўнае кола яе абавязкаў – ажыццяўленне нагляду за адпаведнасцю закону судовых пастановаў па крымінальных справах, за мінулы год у гэтым кірунку дасягнуты добрыя вынікі. За час службы Ірына Аляксандраўна адзначана ўзнагародамі пракурора вобласці і аблвыканкама, а таксама ў жніўні 2018 года – дзяржаўнай узнагародай: медалём “За бездакорную службу” ІІІ ступені.

Вядучы спецыяліст пракуратуры раёна Святлана Пузач на пасадзе з 2007-га, да гэтага больш за 20 гадоў прапрацавала ў судзе справаводам. У адзін год з ёю ў пракуратуру прыйшоў наш вадзіцель Аляксандр Кулеш. Прыбіральшчыцай службовых памяшканняў з 2015 года працуе Алена Вішнарэўская. У нас надзейны, зладжаны, правераны часам калектыў.

Напярэдадні свята асаблівыя словы ўдзячнасці я адрасую ветэранам органаў пракуратуры, якія беззапаветна служылі Айчыне. Сёння ўжо новае пакаленне работнікаў забяспечвае выкананне закона і прадаўжае іх справу, дзякую ім за добрасумленнасць, жадаю моцнага здароўя, сямейнага шчасця і поспехаў у служэнні на карысць нашай Радзімы!

Ірына СТЫРНІК   

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga