Па тэме з аналітыкай. Непаўналетнія і закон: пытанні, адказы, парады

Важнае Грамадства

Тэма: Што ведаюць бацькі аб адказнасці непаўналетніх за ўчыненне правапарушэнняў і злачынстваў?

26 чэрвеня – Міжнародны дзень барацьбы са злоўжываннем наркатычнымі сродкамі і іх незаконным абаротам.

Напярэдадні гэтай даты сацыяльна-педагагічным цэнтрам горада Дзятлава праводзілася тэматычнае анкетаванне бацькоў навучэнцаў-падлеткаў школ нашага раёна.

Марына Сербін, сацыяльны педагог установы:

– Усяго на пытанні анкеты адказалі 675 дарослых. Як сведчаць вынікі анкетавання, пераважная большасць з іх ведае, можа растлумачыць сваім дзецям патрабаванні заканадаўства і кантралюе вольны час сыноў і дачок. Прававой інфармацыяй на інфармацыйных стэндах установаў адукацыі для павышэння сваёй дасведчанасці карыстаюцца больш за 55 % бацькоў. А вось на пытанне, як павысіць узровень прававой культуры непаўналетніх, нашы дарослыя землякі далі наступныя адказы: праводзіць прафілактычныя гутаркі, лекцыі, акцыі; запрашаць на школьныя мерапрыемствы прадстаўнікоў праваахоўных органаў; самім падаваць станоўчы прыклад дзецям; выкарыстоўваць відэаролікі і наглядную агітацыю; ладзіць экскурсіі ў месцы пазбаўлення волі; правільна арганізоўваць вольны час падлеткаў; далучаць дзяцей да працоўнай дзейнасці; прывучаць падрастаючае пакаленне да рэлігіі.

Варта ведаць: найчасцей злачынствы, звязаныя з наркотыкамі, учыняюць маладыя людзі 16-17 гадоў, аднак ёсць выпадкі затрымання падлеткаў малодшага ўзросту, прычым, калі раней большая частка нарказлачынстваў учынялася юнакамі, то цяпер межы сціраюцца.

Крымінальная адказнасць за ўчыненне злачынстваў, звязаных са збытам наркотыкаў, у Рэспубліцы Беларусь надыходзіць з 14-і гадоў, пры іншых парушэннях у сферы наркакантролю – з 16 гадоў. Больш частымі з’яўляюцца набыццё, захоўванне, перавозка, перасылка наркотыкаў, а таксама іх выраб і збыт. Пакаранне  залежыць ад цяжару дзеяння і кваліфікацыйных прыкмет. Напрыклад, за захоўванне наркотыкаў прадугледжана адказнасць да 5 гадоў абмежавання волі або ад 2 да 5 гадоў яе пазбаўлення. За злачынства, звязанае са збытам наркотыкаў, адказнасць можа быць ад 3 да 15 гадоў пазбаўлення волі, а ў саставе арганізаванай злачыннай групы ці спалучанае з вырабам наркатычных сродкаў ва ўмовах наркалабараторыі – ад 10 да 20 гадоў. Самыя жорсткія санкцыі прадугледжаны, калі збыт цягне за сабой смерць асобы, якая ўжывала наркотык, – да 25 гадоў пазбаўлення волі.

Парады бацькам:

Трэба ведаць, з кім сябруе, дзе бавіць час і ці не прапускае школу ваша дзіця, у якім стане яно вяртаецца дамоў.

Нельга дазваляць непаўналетнім надоўга пакідаць дом, начаваць з малазнаёмымі, надоўга заставацца без нагляду бацькоў і гуляць позна ноччу, каб яны не сталі ахвярамі гвалтоўных дзеянняў.

Неабходна адрэагаваць, калі дома з’явіліся чужыя рэчы; ёсць пах паленай травы ці сінтэтыкі; вы знаходзіце іголкі ад ін’екцый, частачкі раслін, брудныя бінты, закопчаны посуд; дома занадта часта пахне бытавой хіміяй або растваральнікам, ацэтонам; хутка мяняецца знешні выгляд і паводзіны дзіцяці.

Асаблівасці допыту непаўналетніх:

Пры допыце пацярпелых і сведкаў да 14 гадоў, а на выбар суда – ад 14 да 16 гадоў, павінен прысутнічаць педагог або псіхолаг, могуць удзельнічаць бацькі і законныя прадстаўнікі. Яны з дазволу старшыні могуць задаваць пытанні пацярпеламу і сведку.

Перад допытам пацярпелага і сведкі да 16 гадоў старшыня тлумачыць ім правы і абавязкі. Аб адказнасці за адмову або ўхіленне ад дачы паказанняў і дачу свядома лжывых паказанняў такія непаўналетнія не папярэджваюцца і падпіска ў іх не бярэцца.

Па хадайніцтве бакоў ці ініцыятыве суда допыт пацярпелага і сведкі да 18 гадоў можа ажыццяўляцца без абвінавачанага, аб чым суд выносіць пастанову. Пасля вяртання абвінавачанага ў залу судовага пасяджэння яму павінны паведаміць паказанні такіх асобаў і даць магчымасць задаць ім пытанні.

Пацярпелы і сведка да 16 гадоў выдаляюцца з залы суда па заканчэнні іх допыту, акрамя выпадкаў, калі суд прызнае неабходным іх далейшую прысутнасць.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga