Акцыя “Нашы дзеці”. Свята, якое сагравае сэрцы

Галоўнае Грамадства

27 снежня ў Цэнтры культуры і народнай творчасці прайшло раённае навагодняе свята для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, знаходзяцца ў прыёмных сям’ях ці пад апекай.

Раённая ўрачыстасць сабрала больш за чатыры дзясяткі вясёлых і кемлівых хлопчыкаў і дзяўчынак, падтрымаць якіх прыйшлі намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус, галоўны спецыяліст аддзела, старшыня раённага аддзялення ГА “Беларускі дзіцячы фонд” Алена Чайкоўская, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Святлана Залучан, дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава Ала Жэгалік.

– Кожнаму з нас 2021 год прынёс адметныя падзеі, – звярнуўся да прысутных Ігар Кухарэвіч. – Дзеці падраслі, усе лепшыя іх дасягненні былі звязаны з дарослымі, якія знаходзяцца побач, дзеляцца душэўным цяплом і мудрасцю. Няхай і новы 2022 год падорыць усім здароўе, шчасце, спаўненне мараў, юным дзятлаўчанам прынясе поспехі ў вучобе, дарослым – невычэрпную энергію і радасць за дасягненні выхаванцаў.

Да віншаванняў намесніка старшыні райвыканкама далучылася Алена Чайкоўская, якая ўручыла падарунак сацыяльнаму прытулку ад Беларускага дзіцячага фонду.

Эстафету добрых пажаданняў прадоўжыла Кацярына Хілімончык. У рамках рэспубліканскай акцыі БРСМ “Цуды на Каляды” моладзевы лідар перадала падарункі дзецям, якія гадуюцца ў прыёмных сем’ях раёна і прысутнічалі на ранішніку.

Аднак на свяце аказалася і няпрошаная госця – Снежная каралева. Яна скрала чароўны куфэрак з дзіцячай карэспандэнцыяй для Дзядулі Мароза. Каб атрымаць падарункі, хлопчыкам і дзяўчынкам разам з гномамі Веселуном і Буркуном давялося выконваць яе заданні: самім стварыць снегапад, пры падтрымцы сімвала года Тыграняці і добрага Анёла здзейсніць цуд з запальваннем калядных зорачак, адгадаць навагоднія загадкі. Вясёлыя ўсмешкі і цёплая сяброўская атмасфера нарэшце растапілі сэрца Снежнай каралевы. Яна вярнула куфэрак, а ўслед за ім на свяце з’явіліся Дзядуля Мароз і Снягурачка. З хлопчыкамі і дзяўчынкамі яны запалілі агеньчыкі на ёлцы, арганізавалі вясёлыя карагоды і шоу мыльных бурбалак, не забыліся і пра традыцыйныя вершы і песні, за якія кожнаму выканаўцу дастаўся прыз.

Напрыканцы сустрэчы ўсе дзеці атрымалі салодкія падарункі ад раённага выканаўчага камітэта.

Ірына СТЫРНІК  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

 



Теги: