Гераічны ўчынак дзятлаўчаніна

Галоўнае Здарэнні і бяспека

Ніхто са звычайных грамадзян не праходзіць курсы падрыхтоўкі герояў.

Аднак здараюцца сітуацыі, у якіх людзі праяўляюць свае найлепшыя якасці.

Так, пазачарговы сход у Дзятлаўскім ПМС быў прысвечаны ўшанаванню маладога спецыяліста, слесара-рамонтніка Кірыла Шалеснага, які  выратаваў чалавека на вадзе.

Здарэнне адбылося на гарадскім пляжы горада Дзятлава вечарам 23 чэрвеня. Кірыл разам са сваёй знаёмай знаходзіўся на арэлях, нядаўна ўсталяваных тут Дзятлаўскім РУП ЖКГ, калі пачуў крык з боку вады. На сярэдзіне возера чалавек тануў і клікаў на дапамогу, ім аказаўся нецвярозы жыхар райцэнтра. Малады чалавек, не раздумваючы, паспяшыў на паратунак і выцягнуў пацярпелага на бераг. Гэтым часам дзяўчына патэлефанавала ў міліцыю. На месца здарэння прыбылі нарады АУС райвыканкама, Дзятлаўскага РАНС, медыкі. Дапамога “тапельцу” не спатрэбілася, месца здарэння ён пакінуў самастойна, аднак на яго былі складзены два пратаколы – на тое, што заплыў за буйкі і знаходзіўся ў вадзе ў стане алкагольнага ап’янення.

А вось герой, які праявіў смеласць, рашучасць і моцную волю ў экстраннай сітуацыі, быў адзначаны падзякамі райаддзела па надзвычайных сітуацыях і раённай арганізацыі АСВОД.

За адважны ўчынак дырэктар Дзятлаўскага ПМС Віктар Адамчык уручыў мужчыну памятны падарунак ад прадпрыемства.

Са свайго боку, Дзятлаўскі АСВОД нагадвае, што купанне ў стане алкагольнага ап’янення строга забаронена і караецца штрафам.

Наталля АВЯРЧУК
Фота прадастаўлены Дзятлаўскім ПМС

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga