“Шлях да поспеху”: творча, крэатыўна, з песняй (+відэа)

Важнае Культура і адпачынак

Па добрай традыцыі ў Дзень працы на Дзятлаўшчыне ладзіўся раённы фестываль-конкурс дзіцячай творчасці “Шлях да поспеху”.

Ён зноў сабраў разам у раённым цэнтры культуры і народнай творчасці нашых юных таленавітых землякоў з розных куткоў зямлі дзятлаўскай і ўсіх, хто прыйшоў іх падтрымаць.

Удзельнікі мелі магчымасць выпрабаваць свае таленты і творчыя ўменні ў намінацыях “Вядучы”, “Саліст-вакаліст”, “Вакальны ансамбль, дуэт”, “Ансамбль сучаснай харэаграфіі”, “Саліст-інструменталіст”, “Інструментальны ансамбль”. Творчыя іспыты ладзіліся адразу для трох узроставых катэгорый: малодшай (5-8 гадоў), сярэдняй (9-13 гадоў) і старэйшай (14-17 гадоў).

Выступленні выдаліся яркімі, кранальнымі, эмацыянальнымі, прыгожымі, таму журы няпроста было выбраць лепшых.

За смеласць, адвагу і волю да перамогі маладым зорачкам раёна падзякаваў яго старшыня – загадчык сектара культуры райвыканкама Васіль Шыцько.

Для ўзнагароджання на сцэну былі запрошаны ўсе без выключэння юныя артысты. Дыпломы за ўдзел у фестывалі атрымалі вядучыя конкурсу Яўгенія Цар і Арцём Лазоўскі. За танцавальны нумар дыпломамі ўдзельнікаў адзначаны артысты ўзорнай тэатральнай студыі “Мелодыя душы” раённага цэнтра культуры, а таксама іх атрымалі Анастасія Маркевіч з танцавальнай групай падтрымкі і Мацвей Маркевіч з Дварэцкага дома культуры, дуэт Кацярыны Літвін і Марыі Скрундзь з Казлоўшчынскага дома культуры, Дар’я Клімец з Новаяльнянскага дома культуры, Маргарыта Кастусік з Гезгалаўскага дома культуры.

Дыплом у намінацыі “Той, хто падае надзеі” атрымала Мілана Лазовік (Дзятлаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці). Дыпломам “За волю да перамогі” адзначана Соф’я Мамакова (Казлоўшчынскі дом культуры).

У намінацыі “Вядучы” першае месца падзялілі і атрымалі адпаведныя дыпломы Валерыя Кастусік (Гезгалаўскі дом культуры) і Арсеній Барысевіч (Данілавіцкі дом культуры), дыплом ІІ ступені – Аліна Кулеш (Гезгалаўскі дом культуры),  ІІІ ступені – Андрэй Голуб (Новаяльнянскі дом культуры).

Пераможцамі намінацыі “Вакалісты” сталі і ўзнагароджаны дыпломамі І ступені Артур Лішык (Казлоўшчынскі дом культуры) і Нэлі Санюк (Гезгалаўскі дом культуры), ІІ ступені – Ксенія Жыляніна (Гезгалаўскі дом культуры), ІІІ ступені – Ганна Муха (Новаяльнянскі дом культуры).

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga