Слава людзям працы! Першамай на Дзятлаўшчыне (+відэа)

Галоўнае Улада

Святочныя мерапрыемствы 1 мая распачаў парад працоўных калектываў і спартсменаў па вуліцах горада.

На цэнтральнай плошчы Дзятлава прайшла ўрачыстасць ушанавання землякоў, якія дасягнулі высокіх вынікаў у працы, грамадскім жыцці, навуцы, спорце.

Свята распачала ўрачыстая цырымонія ўручэння пасведчанняў аб занясенні на раённую Дошку гонару. З Першамаем удзельнікаў мерапрыемства павіншаваў старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі:

– На Дзятлаўшчыне жывуць і працуюць выдатныя людзі, аб’яднаныя любоўю да роднага краю. Яны не раз даказалі, што ім па плячы сур’ёзныя задачы і адказныя справы.
За дасягненне высокіх вынікаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця ў 2022 годзе Дзятлаўскі раён празнаны пераможцам спаборніцтваў і занесены на рэспубліканскую Дошку гонару. Гэта ўзнагарода для нас асабліва каштоўная, бо сёлета мы адзначым юбілейную дату – 525-годдзе заснавання Дзятлава.
У гэты дзень мы адрасуем словы павагі і пашаны кожнаму працаўніку і кожнаму працоўнаму калектыву, выказваем глыбокую ўдзячнасць ветэранам працы, тым, хто перадаў дастойную эстафету маладой змене.

Мы ўручаем сертыфікаты аб занясенні на раённую Дошку гонару тым, хто ў 2022 годзе стаў узорам працалюбства і адказнасці. Дзякуючы іх энтузіязму і адданасці справе наш раён прадаўжае развівацца. Сертыфікаты атрымаюць таксама працоўныя калектывы, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у сваёй дзейнасці. Дзякуй вам за любоў да роднай зямлі і высакародную працу дзеля яе росквіту і дабрабыту!

Ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў яшчэ раз віншую ўсіх са Святам вясны і працы. Няхай Першамай прынясе надзею, радасць і дабро ў кожны дом, у кожную сям’ю. Няхай жыццё будзе напоўнена цікавай работай і творчасцю, смелымі задумкамі і яркімі ідэямі. Выдатнага вам настрою, моцнага здароўя, бадзёрасці духу, жыццёвых сіл і нязгаснай энергіі!

Са словамі віншавання да землякоў звярнуўся дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Сіняк:

– Віншую вас са святам 1 Мая — вясны, працы і адзінства! Праходзіць час, змяняюцца пакаленні, але свята Першамая, напоўненае святлом і цяплом, для нас, беларусаў, было і па гэты дзень застаецца ўсенародным. Яно сімвалізуе мір і згоду ў грамадстве. Гэта Дзень яднання і салідарнасці людзей, тых, хто любіць сваю справу, стварае дабрабыт, сучаснасць і будучыню краіны, яе народа, ведае цану стваральнай і добрасумленнай працы, ганарыцца вынікамі. Жыве шчыра і адкрыта. Выказваю словы ўдзячнасці ўсім, хто самааддана працуе на карысць Айчыны, шчыра імкнецца і робіць зямлю прыгажэйшай і багацейшай, Радзіму — мацнейшай.

Уладзімір Аляксандравіч прыехаў на Дзятлаўшчыну з прыемнай місіяй: ён уручыў Падзячны ліст старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь настаўніку фізкультуры Вензавецкай сярэдняй школы Сяргею Карнеліку.

Па выніках работы за 2022 год, згодна з рашэннем Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта, на раённай Дошцы гонару з’явіліся прозвішчы перадавікоў вытворчасці. На святочнай плошчы райцэнтра кіраўнік раёна ўручыў ім памятныя сертыфікаты і грашовыя прэміі. Таксама былі адзначаны сельскія выканаўчыя камітэты і працоўныя калектывы, якія па выніках раённага спаборніцтва дасягнулі высокіх паказчыкаў у эканамічным і сацыяльна-культурным развіцці. Пераможцамі прызнаны працоўныя калектывы Новаяльнянскага сельвыканкама, Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир”, КСУП “Хвінявічы”, Новаяльнянскай сярэдняй школы, дзіцячага сада № 2 горада Дзятлава, Дварэцкага дома культуры, Мяляхавіцкага фельчарска-акушэрскага пункта, тэрапеўтычнага аддзялення № 2 Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы.

Ганаровай граматай абласнога выканаўчага камітэта быў адзначаны дырэктар ААТ “Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў” Ігар Язэпаў, Граматай Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў – дырэктар Дзятлаўскага ПМС, дэпутат раённага Савета дэпутатаў 28 склікання Віктар Адамчык.

Грашовымі прэміямі былі ўзнагароджаны навучэнцы школ, якія дасягнулі высокіх вынікаў у алімпіядным руху, навуковай і даследчай дзейнасці, спартакіядзе школьнікаў, а таксама Падзякамі аддзела адукацыі райвыканкама іх педагогі і бацькі.

За актыўную грамадзянскую пазіцыю, творчую ініцыятыву ў рэалізацыі праектаў патрыятычнай накіраванасці і актыўны ўдзел у сацыякультурным жыцці моладзевага парламента Падзячным лістом старшыні раённага Савета дэпутатаў былі ўзнагароджаны старшакласніцы Анастасія Шавель, Анастасія Маскаль, Валерыя Шалесная.

Установы адукацыі, якія пастаянна на высокім узроўні праводзяць работу па грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі, атрымалі ў падарунак грашовыя сертыфікаты на 1000 рублёў. Сёлета прэміямі былі адзначаны сярэдняя школа № 3 горада Дзятлава, Новаяльнянская, Казлоўшчынская  сярэднія школы.

Падзячныя лісты старшыні райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў, а таксама грашовыя прэміі атрымалі ўдзельнікі хакейнай каманды “Алмаз” — пераможцы рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў “Залатая шайба” на прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ганаровай граматай Дзятлаўскага райвыканкама быў адзначаны іх трэнер – загадчык сектара спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Ёда.

Працаўнікоў раёна павіншавалі прафсаюзныя лідары – старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Дубовік і старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак. Яны ўручылі ўзнагароды прафсаюзным актывістам і выдатным работнікам.

Песенныя падарункі ў час свята гасцям падарылі работнікі культуры і вучні школ раёна. Да Свята працы была прымеркавана выстава тэхнікі, якая размясцілася ў цэнтры горада па вуліцы Савецкай.

Наталля АВЯРЧУК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga