Пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна і падрыхтоўкі да новага ацяпляльнага сезона абмеркавалі ў райвыканкаме

Галоўнае Улада

На пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага, якое адбылося ў пашыраным саставе з запрашэннем кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый і гаспадарак, абмеркаваны вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў першым квартале гэтага года.

Удзел у рабоце пасяджэння прынялі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, кіраўнік спраў Гродзенскага аблвыканкама Іван Курман.

На парадак дня былі вынесены пытанні выканання паказчыкаў валавога рэгіянальнага прадукту, прыцягнення інвестыцый у асноўны капітал, вынікаў знешнеэканамічнай дзейнасці, паступлення даходаў у кансалідаваны бюджэт, падрыхтоўкі да будучага ацяпляльнага сезона. Як адзначыў Андрэй Садоўскі, у раёне робіцца вельмі шмат, дынаміка добрая ў цэлым, аднак калі разгледзець сітуацыю дэталёва, то ёсць пытанні да пэўных арганізацый.

– Некаторыя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы працуюць з “плюсам” толькі за кошт нізкай базы мінулага года. Што датычыцца інвестыцый у асноўны капітал, гэты паказчык выконваецца, дзякуючы некалькім прадпрыемствам, але не ўсімі. Доўгатэрміновая стратэгія развіцця павінна быць у кожнай галіне. І яе трэба выконваць, – падкрэсліў Андрэй Уладзіміравіч.

Раён у лічбах

За першы квартал 2023 года забяспечана выкананне мэтавых паказчыкаў: па інвестыцыях у асноўны капітал – 123,9 % пры прагнозе 101,0 %; па вытворчасці валавой прадукцыі ў сельскагаспадарчых арганізацыях – 112,2 % пры заданні 100,8 %; па індэксе фізічнага аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі па наборы тавараў-прадстаўнікоў – 103,9 % пры заданні 101,8 %; па ўдзельнай вазе працаўладкаваных грамадзян, якія звярнуліся ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, – 69,2 % пры заданні 53,0 %; па аб’ёме будаўніча-мантажных работ – 8916 тысяч рублёў пры заданні 5200 тысяч рублёў; па пасажыраабароце – 141,6 % пры заданні 100,0 %; па грузаабароце – 112,6 % пры заданні 101,7 %.

Дарэчы, Іван Курман пацікавіўся ў намеснікаў старшыні райвыканкама Вольгі Жэлезоўскай і Дзмітрыя Баравіка, што стала паспяховай прыступкай для перавыканання планавых заданняў па пасажыраабароце і аб’ёме будаўніча-мантажных работ. Было адзначана, што сваю ролю сыграла будаўніцтва трох малочнатаварных комплексаў у нашым раёне, удзел у будаўніцтве моста каля Беліцы і аптымізацыя маршрутнай сеткі, пераразмеркаванне транспарту ў тых напрамках, якія найбольш запатрабаваны ў насельніцтва.

Што датычыцца сельскай гаспадаркі, за студзень-сакавік 2023 года ў сельскагаспадарчых арганізацыях Дзятлаўскага раёна выраблена валавой прадукцыі ў супастаўных цэнах 2022 года на суму 22 843,6 тысячы рублёў. Тэмп росту склаў 112,2 % пры заданні 100,8 %.

Устаноўлены бізнес-планамі паказчык па тэмпе росту валавой прадукцыі выкананы ўсімі гаспадаркамі.

За студзень-сакавік у раёне выраблена малака 15 988 тон, што складае 115,9 % да аналагічнага перыяду 2022 года. Надой на адну карову павялічыўся на 222 кілаграмы. Найбольшы рост вытворчасці малака атрыманы ў ТАА “РоданАгра”, ТАА “РоданАграПол, ААТ “Дварэц-Агра”, ААТ “Граніт-Агра”, КСУП “Войневічы”.

Па стане на 1 красавіка пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў сельскагаспадарчых арганізацыях склала 27 585 галоў, што на 963 галавы менш, чым па стане на 1 красавіка 2022 года, колькасць кароў малочнага статка паменшылася на 129 галоў. Усім арганізацыям, у якіх склалася такая сітуацыя, старшыня райвыканкама даў загад нарасціць статак у бягучым годзе. Тое ж датычыцца і свінагадоўлі.

Індэкс фізічнага аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі па наборы тавараў-прадстаўнікоў за студзень-сакавік склаў 103,9 % пры заданні 101,8 %.

Забяспечылі выкананне паказчыкаў бізнес-планаў па ІФА ААТ “Дварэцкі льнозавод”, ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”, ААТ “Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў”, Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир”.

Экспарт паслугаў па раёне за першы квартал склаў 2270,0 тысячы долараў ЗША або 170,1 % да аналагічнага перыяду 2022 года.

Прыцягнута 18 991,0 тысячы рублёў інвестыцый у асноўны капітал, тэмп росту склаў 123,9 %.

За студзень-сакавік у раёне выкананы ўсе сацыяльныя стандарты.

З пачатку года райвыканкамам прынята 5 рашэнняў аб прызначэнні сямейнага капіталу і 4 рашэнні аб датэрміновым распараджэнні сродкамі сямейнага капіталу.

Бюджэт

Кансалідаваны бюджэт Дзятлаўскага раёна за першы квартал 2023 года выкананы з прафіцытам у суме 1 070,4 тысячы рублёў.

Аб выніках ацяпляльнага сезона

На пасяджэнні было адзначана, што ў цэлым прадпрыемствы газа-, электра -, цеплазабеспячэння своечасова падрыхтаваліся да работы ў ацяпляльным перыядзе 2022-2023 года і арганізавалі ўстойлівае і надзейнае забеспячэнне жыллёвага фонду, аб’ектаў сацыяльна-культурнага і бытавога прызначэння, насельніцтва цеплавой і электрычнай энергіяй, палівам.

Ацяпляльны сезон праходзіў у штатным рэжыме, тэмпературны рэжым вытрымліваўся, адключэнняў і аварый не зафіксавана.

Пачатак і завяршэнне ацяпляльнага перыяду, падача і адключэнне цеплавой энергіі ажыццяўляліся ва ўстаноўленыя Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэтам тэрміны.

Зацверджаны мерапрыемствы па падрыхтоўцы аб’ектаў раёна да будучага асенне-зімовага перыяду 2023-2024 года, графікі рэгістрацыі пашпартоў гатоўнасці спажыўцоў цеплавой энергіі і ведамасных цеплакрыніц.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: