Як пакаралі сталіцу, або З Дзятліцай на выставу “Адпачынак-2023”

Важнае Спорт і турызм

Шырока прадставіць Дзятлаўскі раён на юбілейнай выставе “Адпачынак-2023” было смелым рашэннем, аднак аб тым, што яно правільнае, сведчыць “важкі багаж” станоўчых эмоцый, уражанняў і новых ідэй, які “прывезла” з мерапрыемства наша дэлегацыя.

Атрымалася весела, крэатыўна, інтэлектуальна, прафесійна – вынік работы цэлай каманды спецыялістаў сектара спорту і турызму райвыканкама, фізкультурна-спартыўнага клуба, майстроў па ганчарстве і лозапляценні Анатоля Кардаша і Сяргея Балыкова, удзельнікаў ансамбля песні “Мара” Дварэцкага дома культуры.

Ехалі не пакараць сталіцу, а паказаць усяму свету, што ёсць на карце Беларусі такі слаўны куточак – Дзятлаўшчына, і яна прывабная сваёй гісторыяй, помнікамі архітэктуры, таленавітымі людзьмі, прыроднымі аб’ектамі, аднак пра гэта пакуль ведаюць не ўсе. Што зробіш, глыбінка, ды і турызм у ёй пачаў развівацца толькі ў апошнія гады. Тым не менш ёсць шмат напрацовак, якімі варта дзяліцца, каб наша малая радзіма, і на самой справе, стала вядомай і папулярнай для турыстаў.

Рыхтаваліся доўга. Выставачны стэнд, новы рэкламны матэрыял, маскот-талісман Дзятліца і яе “абарона” ў вершах, цікавая праграма і інтэрактыўныя элементы для прываблівання наведвальнікаў, абарона маршруту “Дарогамі Дзятлаўшчыны”, відэаролік. Супрацоўнічалі з усімі, хто адгукваўся на просьбы дапамагчы, і вельмі ім удзячны!

Тры дні папулярызавала турыстычны патэнцыял роднага куточка наша каманда, а таксама каманда Дзятлаўскіх лясгаса і Дзятлаўскай школы мастацтваў, якая стаяла на асобнай пляцоўцы і прадстаўляла лясную гаспадарку, паляўнічы турызм і экалагічны квэст “Ключы Бабулі Зімы”. Вядома, але яно таго каштавала. Час праляцеў у гульнях, віктарынах, майстар-класах, дзе не было адбою ад жадаючых сплесці кошык да Вялікадня ці зляпіць уласнымі рукамі збаночак, які Анатоль Кардаш пакідаў такую работу “вучню” на памяць.

 

Цікавіліся нашым краем тураператары з Грузіі, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Ніжняга Ноўгарада, Карэліі. Водгукаў у кнізе “Дзятлаўшчына вачамі турыстаў” пакінулі шмат, было важна, каб яны не засталіся проста запісамі. Для гэтага прыдумалі гульню з прызамі для самых актыўных. Гэта былі сертыфікаты на экскурсію па горадзе і на сплаў на байдарках. Першыя госці прыедуць у раён ужо 13 мая.

Менавіта яны апрабуюць новыя маршруты, каб затым перадаць эмоцыі сябрам, знаёмым, падзяліцца ўражаннямі ў сацыяльных сетках.

Дарога на Дзятлаўшчыну пакуль не пракладзена, але мы спадзяёмся, што, дружна ідучы побач са сваімі турыстамі, акунаючы іх у атмасферу радасці ад знаёмства з яе таямніцамі, мы зможам зацікавіць шматлікіх аматараў падарожжаў і актыўнага адпачынку.

Выстава ў мінулым, але станоўчыя эмоцыі яшчэ доўга будуць жыць у душы, на фотаздымках, у роліках, якія “блукаюць” у сусветнай павуціне. І няхай “блукаюць”. Пра Дзятлаўшчыну павінны ведаць! І пра нашу Дзятліцу, якая, мы спадзяёмся, на доўгія гады застанецца турыстычным маскотам роднага краю.

 

Алена АБРАМЧЫК,
інструктар-метадыст па турызме Дзятлаўскага ФСК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: