Ветэраны нябачнай вайны

Важнае Грамадства

Маштабы катастрофы на Чарнобыльскай АЭС немагчыма паменшыць, як і мужнасць тых, хто з рызыкай для здароўя змагаўся з нябачным і непрадказальным ворагам – радыяцыяй. Нямала ліквідатараў аварыі, якія служылі або працавалі ў 30-кіламетровай зоне, ёсць і ў нашым раёне. Адзін з іх, жыхар вёскі Лявонавічы  Віктар Яраш, падзяліўся сваёй чарнобыльскай гісторыяй:

– У лістападзе 1986 года я быў прызваны ў райваенкамат на зборы, якія прадаўжаліся да мая 1987 года. Нас прывезлі ў Брагін, на ўскраіне якога знаходзілася вайсковая часць 11905, размясцілі ў палатках, размеркавалі па ўзводах і ротах. Кожную раніцу пасля сняданку было пастраенне, дзе вызначалі віды работ на дзень: мы выязджалі ў выселеныя вёскі, дзе даўно эвакуіравалі мясцовае насельніцтва і свойскую жывёлу. Там праводзілі дэзактывацыю – здымалі радыяактыўны грунт каля дамоў, выкошвалі сухую траву, збіралі з палеткаў пакінуты ўраджай і вывозілі ўсё ў магільнік. Паўсюль – страшная карціна: пустыя хаты, вуліцы, населеныя пункты, абнесеныя калючым дротам, якія ахоўвалі салдаты ўнутраных войск і міліцыя. На працягу службы мы працавалі ў вёсках Піркі, Малейкі, Савічы, Чырвоны Яр, Гдзень, а таксама ў вёсцы Кашоўка на тэрыторыі Украіны.

– Ці давялося наведаць саму Чарнобыльскую АЭС?

– Так, помню гэты дзень у падрабязнасцях. Раніцай 28 лістапада нас паднялі а пятай гадзіне раніцы, растлумачылі важнасць пастаўленай задачы і адвезлі на 4-ы энергаблок ЧАЭС. Там мы прыбіралі радыяактыўнае будаўнічае смецце і адвозілі ў магільнік, над якім у той час узводзіўся саркафаг. Мы там знаходзіліся 16 гадзін.

– Віктар Мікалаевіч, што за выява ў вашых руках?

– Гэта ікона, невядомая шырокаму колу людзей, называецца “Чарнобыльскі Спас”, створаная іканапісцам  Уладзіславам Гарэцкім і асвечаная ў Кіева-Пячэрскай лаўры ў 2003 годзе. Ікона была напісана ў памяць аб чарнобыльскай трагедыі, яе вобраз стаў святыняй для ўсіх, хто помніць страшную аварыю і шануе самаадданы подзвіг яе ліквідатараў. На іконе паказаны чарнобыльцы – жывыя і мёртвыя, з Госпадам Богам – суддзёй і Спасам. Гэта Божая людская раць, якая зберагла нашу зямлю і жыццё. Злева на іконе – душы памерлых чарнобыльцаў, справа – ліквідатары аварыі: пажарны ў рэспіратары, работнік станцыі, лётчык, медсястра. На гарызонце, за абрысамі саркафага, віднеецца зарыва ўсходу, у небе ляціць зорка Палын з адкрыцця Іаана Багаслова. На заднім плане – абпаленая зямля, на пярэднім – зялёная, якая ажывае. Раней да гэтага чалавека з Богам на іконах адлюстроўваць было не прынята. Толькі таму, што чарнобыльцы “не забі” выканалі, чужой крыві не пралілі, а сваёй не пашкадавалі, ім і выпаў такі гонар.

– Якім было ваша жыццё пасля Чарнобыля?

–  Звычайным, як ва ўсіх. Вярнуўся дадому, некалькі дзесяцігоддзяў працаваў вадзіцелем у калгасе “Слава працы”, цяпер – у прыватнай кампаніі. Жыву сям’ёй, домам, звычайнымі клопатамі. Але сувязь з ліквідатарамі аварыі на ЧАЭС не згубіў, з’яўляюся членам Беларускага рэспубліканскага грамадскага аб’яднання ліквідатараў і інвалідаў чарнобыльскай катастрофы “Ветэраны Чарнобыля”, стараюся ўдзельнічаць ва ўсіх памятных мерапрыемствах. Мая асабістая гісторыя была апублікавана ў зборніку “Чарнобыльскі боль”, мяне запрасілі ў гасцініцу “Пекін” на прэзентацыю 4-га выдання зборніка, які пабачыў свет пры падтрымцы кітайскага пасольства ў Беларусі. У мінулым годзе разам з іншымі ветэранамі Чарнобыля ў гадавіну трагедыі мы наведалі Мінск, дзе ў Парку дружбы народаў ушанавалі памяць яе ахвяраў, усклалі кветкі да памятнага знака. Побач з ім размешчаны камень міру Хірасімы, да якога таксама ў гэты дзень прыйшла японская дэлегацыя.  Сёлета атрымаў запрашэнне паўдзельнічаць у раённых мерапрыемствах, прысвечаных Чарнобылю, якія пройдуць у Дзятлаўскай бібліятэцы.

Наталля АВЯРЧУК
Фота аўтара, з асабістага архіва

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga