У саставе раённай дэлегацыі на штогадовым Пасланні беларускаму народу і парламенту ў Палацы Рэспублікі прысутнічаў намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Ігар Кухарэвіч.
Ён выказаў сваё меркаванне аб пачутым:
– На Пасланні кіраўніка дзяржавы я быў не першы раз. І зноў пераканаўся ў тым, які моцны прамоўца Аляксандр Рыгоравіч. Ён ведае, дзе трэба быць максімальна сур’ёзным, дзе можна гаварыць з гумарам, ён адчувае настрой людзей і трымае залу ва ўвазе. Ні адзін прамы эфір не дае такіх моцных эмоцый, якія атрымліваеш ад выступлення Прэзідэнта, седзячы ў зале. Чатыры з паловай гадзіны праляцелі для нас, як адно імгненне.
Удзячны Прэзідэнту за яго ўвагу да паўсядзённых, важных для ўсіх беларусаў пытанняў: сістэма ЖКГ, медыцына, адукацыя. На фоне міжнароднай палітыкі і значных тэм ён пазначыў нямала важных момантаў і ў рабоце розных галінаў народнай гаспадаркі. Адзначыў Аляксандр Рыгоравіч актуальную цяпер тэму навядзення парадку на зямлі. Коратка і ёміста кіраўнік дзяржавы даў зразумець, што падтрымліваць у парадку свае ўладанні зараз павінны самі людзі. Гэта пазіцыя сапраўднага гаспадара.
Улічваючы таксама, што я з’яўляюся старшынёй раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” і ўваходжу ва ўстаноўчы Савет аднайменнай партыі, мне цікава было меркаванне Прэзідэнта аб партыйным будаўніцтве. Ён адзначыў, што дзейнасць існуючых раней і новых партый не павінна стаць сляпой барацьбой за ўладу. Кансалідацыя беларускага грамадства – галоўная задача ўсіх без выключэння партый. Адна павінна дапаўняць другую. Мы ўсе ідзём курсам, які задае Прэзідэнт. На карысць краіны і беларускага народа.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga