16 сакавіка на Дзятлаўшчыне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва.
Працавала некалькі інфармацыйна-прапагандысцкіх груп. Абласная група сустрэлася з калектывам Дзятлаўскага РУП ЖКГ, група старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага – з педкалектывам сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава, старшыні райвыканкама пад кіраўніцтвам начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вольгі Рагачовай – з работнікамі Дварэцкай сярэдняй школы, намесніка старшыні райвыканкама Ігара Кухарэвіча — з калектывам РайЦГЭ, намесніка старшыні райвыканкама Вольгі Жэлезоўскай — з жыхарамі Казлоўшчынскага сельскага савета. Абмеркавалі тры пытанні.
Паколькі 22 сакавіка Беларусь адзначыць сумную дату – 80-годдзе трагедыі ў Хатыні, то закранулі гэту важную тэму, суаднеслі яе з вынікамі расследавання генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Рэалізацыя ў суверэннай Беларусі дзяржаўнай гістарычнай палітыкі – адзін з важнейшых складальнікаў забеспячэння нацыянальнай бяспекі. Па сутнасці – стратэгія самазахавання, інструмент супрацьдзеяння гістарычнаму і палітычнаму хаосу. Хатынская трагедыя – усяго адзін з многіх фактаў, што сведчаць аб мэтанакіраванай палітыцы генацыду ў адносінах да насельніцтва Беларусі, якую ажыццяўлялі нацысты на працягу акупацыі. Тым больш абуральна, што і яна становіцца мішэнню для фэйкаў. Як заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь на нарадзе па пытаннях рэалізацыі гістарычнай палітыкі, “сваю гісторыю мы перапісваць не павінны, і мы гэтага рабіць не будзем, але і не будзем больш замоўчваць канкрэтныя факты зневажанняў і дыскрымінацыі беларусаў”.
Вясной 2022 года ў мемарыяльным комплексе “Хатынь” пачаўся капітальны рамонт з мадэрнізацыяй і элементамі рэстаўрацыі. У дзень рэспубліканскага суботніка 16 красавіка 2022 года кіраўнік дзяржавы прыняў удзел у добраўпарадкаванні комплексу. У памяць аб мільёнах беларусаў, жыццё якіх забрала Вялікая Айчынная вайна, на тэрыторыі комплексу ўзведзены новы музей “Кожны трэці”, адкрыццё якога чакаецца сёлета 22 сакавіка і прымеркавана да 80-й гадавіны трагедыі.
Страшныя злачынствы ваенных гадоў не павінны быць забытыя і не павінны паўтарыцца, ім будзе дадзена сістэмная прававая ацэнка. У красавіку 2021 года Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь была ўзбуджана крымінальная справа па факце генацыду беларускага народа ў час Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд. Пры расследаванні ўстаноўлена больш за 10,5 тысяч населеных пунктаў, якія пацярпелі ў гады акупацыі, у тым ліку не менш за 216 раздзялілі лёс Хатыні. Страшным пацвярджэннем зверстваў фашыстаў з’яўляюцца вынікі пошукавых работ. У генацыдзе насельніцтва Беларусі ўдзельнічалі не толькі нямецка-фашысцкія захопнікі, але і іх памагатыя з украінскіх, польскіх, літоўскіх, латвійскіх, эстонскіх, іншых нацыяналістычных фарміраванняў, масавы крывавы след пакінулі польскія злачынцы – члены Арміі Краёвай.
У Беларусі рэалізоўваецца Дзяржаўная праграма “Увекавечанне памяці загінулых пры абароне Айчыны” на 2021-2025 гады па захаванні ваенна-гістарычнай спадчыны, грамадзянска-патрыятычным выхаванні, выкананні міжнародных пагадненняў у ваенна-мемарыяльнай сферы. На дзяржаўным уліку – 8331 воінскае пахаванне і пахаванне ахвяраў войнаў. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі выступіла з ініцыятывай Усебеларускай акцыі “Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх!”, выдадзена 2 кнігі, рыхтуецца трэцяя. Для захавання гістарычнай праўды, супрацьдзеяння фальсіфікацыям і для патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення распрацоўваюцца віртуальныя інфармацыйныя пляцоўкі, дзе можна самастойна размясціць звесткі, ажыццявіць пошук блізкіх, землякоў і знаёмых, даведацца аб іх подзвігах і адвазе ў гады вайны, азнаёміцца з копіямі дакументаў, фотаздымкамі, картамі, іншай інфармацыяй.
Для агучвання на міжнароднай арэне тэмы генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны апублікаваны матэрыял, падрыхтаваны з удзелам Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у якасці афіцыйных дакументаў 76-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН і Савета Бяспекі ААН, што дазволіла задакументаваць пазіцыю Беларусі па гэтым пытанні і шырока распаўсюдзіць яе сярод дзяржаў-членаў арганізацыі.
У нашай краіне няма месца забыццю, святатацтву і рэвізіі гісторыі. Кіраўнік дзяржавы ў сваім выступленні да 100-годдзя Пракуратуры Рэспублікі Беларусь падкрэсліў: “Сабраныя доказы, устаноўленыя абставіны злачынстваў нацызму – гэта адэкватны адказ на кінуты нам выклік. Цяпер трэба захаваць самае каштоўнае, што ёсць у нашай краіне: мір, спакой, стабільнасць. Памножыць дасягненні беларускага народа, стварыць умовы для далейшага ўмацавання, развіцця і росквіту Беларусі”.
Удзельнікі Адзінага дня інфармавання таксама звярнуліся да тэмаў асабістай і лічбавай бяспекі. Нагадалі актуальныя ў вясновы перыяд патрабаванні пры навядзенні парадку на прысядзібных тэрыторыях, пагутарылі аб недапушчэнні палаў сухой расліннасці, асцярожнасці пры развядзенні вогнішчаў, пра бяспеку дзяцей на канікулах. Закранаючы пытанні прафілактыкі злачынстваў, звязаных з неправамерным авалоданнем рэквізітамі банкаўскіх картак і з крадзяжом грашовых сродкаў, а таксама ў сферы высокіх тэхналогій, актуалізавалі інфармацыю аб паняццях “фішынг”, “вішынг”, “ВEC-атакі”, нагадалі найбольш распаўсюджаныя схемы і спосабы махлярстваў, папярэдзілі аб недапушчэнні перадачы банкаўскіх картак, іх рэквізітаў і асабістай інфармацыі староннім людзям, параілі быць асабліва ўважлівымі пры ажыццяўленні анлайн-плацяжоў і інтэрнэт-пакупак.
Ірына СТЫРНІК
Фота аўтара, Наталлі АВЯРЧУК, Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga