Пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Ігара Кухарэвіча прайшло пасяджэнне штаба па каардынацыі і кантролі за дзейнасцю студэнцкіх атрадаў з семінарам-вучобай.
Удзел у сустрэчы прынялі члены штаба, кіраўнікі арганізацый, якія будуць прымаць студатрады, іх намеснікі па ідэалагічнай рабоце, спецыялісты па кадрах і па ахове працы.
– Раней студатрады працавалі ў нашым раёне на базе сельгасарганізацый, сёлета ўпершыню 20 маладых людзей плануецца працаўладкаваць у РУП ЖКГ, непаўналетнія будуць працаваць і на базе ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”, – адзначыў Ігар Кухарэвіч. – Развіццё студатрадаўскага руху знаходзіцца на кантролі кіраўніка дзяржавы. Яно спрыяе карыснай занятасці моладзі, атрыманню першых працоўных навыкаў і вопыту работы ў калектыве. Плануецца, што сёлета на Дзятлаўшчыне ў студатрадах будуць працаваць 170 чалавек, а гэта на 20 больш, чым летась.
Ігар Кухарэвіч заклікаў спецыялістаў арганізацый, у якіх будуць занятыя студатрадаўцы, звярнуць увагу яшчэ і на пытанні прафарыентацыі, бо моладзь – наш кадравы патэнцыял, а таксама разнастаіць іх вольны час, каб канікулы ў студатрадзе праходзілі не толькі карысна, але і цікава.
– У 2022 годзе ў нашым раёне было 9 студатрадаў, дзе працавала 150 маладых людзей, у тым ліку 7 непаўналетніх, з якімі праводзілася індывідуальная прафілактычная работа, і 3 – з сацыяльна ненадзейных сем’яў, – прадоўжыла тэму першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык. – У час маніторынгаў абласнога камітэта ГА “БРСМ”, якія праходзілі ў КСУПах “Хвінявічы” і “Жукоўшчына”, парушэнняў не было выяўлена.
Разам з тым Кацярына Уладзіміраўна заклікала сёлета таксама надаць пільную ўвагу правільнаму афармленню дакументаў, ахове працы непаўналетніх, правядзенню інструктажаў, наяўнасці ўкамплектаваных аптэчак і пітной вады. Згодна з заканадаўствам, у студатрады прымаюцца маладыя людзі ва ўзросце ад 14 да 31 года, мінімальная іх колькасць павінна складаць ад 5 чалавек, тэрмін занятасці кожнага ўдзельніка – не менш за 10 дзён.
Больш падрабязна аб парадку прыёму студатрадаўцаў на работу нагадала намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяна Дорда. Яна патлумачыла пытанні заключэння працоўных і грамадзянска-прававых дагавораў, вядзення працоўных кніжак, нармавання рабочага часу.
Галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Латушка нагадала патрабаванні да аховы працы ў студэнцкіх атрадах.
Якім павінен быць парадак выкарыстання сродкаў на развіццё дзейнасці студэнцкіх атрадаў, расказалі галоўны бухгалтар раённага камітэта ГА “БРСМ” Наталля Маркава і начальнік раённага аддзела Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва Марыя Жыдко.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga