Адкрыццё экспазіцыі, прысвечанай Вячаславу Чамярыцкаму

Грамадства Свежыя навіны

У Круцілавіцкай сярэдняй школе адбылося сапраўднае свята навукі, паэзіі, сяброўства, чалавечай дабрыні.

Ініцыятарам яго сталі настаўнік геаграфіі, кіраўнік школьнага музея Сяргей Каско і калектыў школы. Яно было прысвечана адкрыццю чарговай экспазіцыі школьнага музея, створанай у гонар Вячаслава Чамярыцкага.

Вячаслаў Антонавіч – наш зямляк з вёскі Рабкі. Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў настаўнікам Слабадской сямігадовай школы Вілейскага раёна, карэктарам маладзечанскай абласной газеты «Чырвоны сцяг», інспектарам аддзела народнай асветы Маладзечанскага раёна. Скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, быў навуковым супрацоўнікам.

Дэбютаваў вершамі ў 1952 годзе ў навагрудскай раённай газеце «Новае жыццё». З рэцэнзіямі, літаратурна-крытычнымі артыкуламі, даследаваннямі па старажытнай літаратуры выступае з 1959 г. Аўтар розных манаграфій, брашур, кнігі «Францыск Скарына» (з Г. Галенчанкам і В. Шматавым, на французскай і на англійскай мовах), адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры», «Истории белорусской дооктябрьской литературы», «Истории всемирной литературы», падручніка для ВНУ «Гісторыя беларускай літаратуры: Старажытны перыяд».

Перакладае са старажытнарускай і старабеларускай моў. Прымаў удзел у выданні «Поўнага збору рускіх летапісаў», складальнік зборніка «Слова пра паход Ігаравы».

За плённую працу ў галіне захавання спадчыны Вячаслаў Антонавіч узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь.

Вячаслаў Антонавіч прыехаў з сям’ёй, прывёз свае кнігі ў дар Круцілавіцкай школе і Дзятлаўскаму гісторыка-краязнаўчаму музею, шчыра і душэўна расказаў пра сваё дзяцінства і юнацтва ў роднай вёсцы, пра блізкіх і родных людзей, свой шлях у навуку.

Гасцямі сустрэчы сталі і мясцовыя літаратары, члены літаратурнага аб’яднання “Пралескі”, а таксама настаўнікі літаратуры і кіраўнікі школьных музеяў, вучні з розных школ раёна, бо сустрэча мела на мэце расказаць і пра Дзятлаўшчыну літаратурную, пра тую спадчыну, якая засталася дзятлаўчанам ад таленавітых землякоў, і пра традыцыі сённяшняга дня, што плённа захоўваюцца і памнажаюцца.

Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікі завіталі да каменя-валуна з мемарыяльнай дошкай каля вёскі Варакомшчына, які пастаўлены ў гонар пісьменніка-класіка Вячаслава Адамчыка, якому сёлета споўнілася б 90 гадоў.

Сустрэча пакінула самыя цёплыя ўражанні.

Алена АБРАМЧЫК,
краязнаўца, член літаратурнага аб’яднання “Пралескі”

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga