Задача – працаваць без фармалізму

Галоўнае Культура і адпачынак

На Дзятлаўшчыне падвялі вынікі работы ўстановаў культуры раёна за 2022 год і акрэслілі задачы на 2023-і.

У раённым цэнтры культуры і народнай творчасці прайшло выніковае пасяджэнне Савета аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама з удзелам намесніка старшыні райвыканкама Ігара Кухарэвіча.

Пралогам да пасяджэння Савета стала выстава-прэзентацыя дасягненняў культуры раёна, якую прадэманстравалі калектывы дзятлаўскай бібліятэкі, раённага метадычнага цэнтра, а таксама цэнтра рамёстваў.

Аб тым, як спрацавалі ў 2022 годзе і якія планы паставілі на 2023-і ўстановы культуры раёна, прысутным паведаміла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова:

– У 2022 годзе дзейнасць арганізацый культуры Дзятлаўшчыны была накіравана на рэалізацыю задач дзяржаўнай палітыкі ў гэтай сферы, ажыццяўленне мерапрыемстваў і дасягненне паказчыкаў Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2021-2025 гады.

У раёне рэалізаваны шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных знакавым падзеям у гісторыі Рэспублікі Беларусь, Году гістарычнай памяці, дзяржаўным святам, мясцовыя брэндавыя святы. Сярод найбольш адметных – “Зецельскі фэст”, свята “Каб помнілі”, прысвечанае 78-й гадавіне вызвалення Дзятлаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Свята працы, Дзень народнага адзінства, раённыя “Дажынкі” і іншыя.

За год праведзена абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановаў культуры.

Сярод задач на гэты год – пашырэнне спектра паслугаў установаў культуры, павышэнне заработнай платы работнікаў за кошт росту пазабюджэтных паслугаў, прыцягненне ў сферу дадатковых крыніц фінансавання.

14 помнікаў архітэктуры на тэрыторыі раёна выкарыстоўваюцца па прызначэнні, будынак былога палаца Радзівілаў пакуль не выкарыстоўваецца. Аднак у снежні мінулага года аб’ект набыў праз аўкцыён грамадзянін Расійскай Федэрацыі, ён падпісаў ахоўнае абавязальніцтва. Усяго ўсталяваны 43 ахоўныя дошкі на нерухомых аб’ектах матэрыяльна-культурных каштоўнасцяў, падпісаны 38 ахоўных абавязальніцтваў.

За справаздачны перыяд гісторыка-краязнаўчы музей наведалі 5246 чалавек, праведзены 156 экскурсій, што больш за запланаваную колькасць.

У бібліятэчнай сферы нязначна скарочана колькасць штатных адзінак, пры гэтым з’явіліся філіялы змешанага тыпу, інтэрактыўныя формы работы. Усе бібліятэчныя ўстановы актыўна ўдзельнічаюць у грамадзянска-патрыятычным выхаванні насельніцтва. Жыхары аддаленых населеных пунктаў раёна маюць магчымасць чытаць літаратуру, якую дастаўляе “Бібліобус”, графік яго работы публікуецца на старонках газеты “Перамога”. Сярод значных дасягненняў у бібліятэчнай сферы – перамога ў рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка – цэнтр духоўнай асветы і выхавання”.

На 1 студзеня 2023 года ў раёне дзейнічаюць 8 клубных установаў, часова прыпынена работа Вензавецкага дома культуры. Культурнае абслугоўванне маланаселеных і аддаленых пунктаў Дзятлаўшчыны ажыццяўляе сектар нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва. Творчы калектыў сектара быў адзначаны дыпломам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у намінацыі “Лепшы інтэрактыўны клубны праект для моладзевай аўдыторыі” за сацыяльна-культурны праект “Глыбінкай жыве Беларусь”.

Па выніках мінулага года навучэнцы дзіцячых школ мастацтваў раёна заваявалі 159 перамог на конкурсах розных узроўняў, 9 сталі атрымальнікамі стыпендыі са спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Выступленне Вольгі Мікалаеўны дапоўнілі кіраўнікі ўстановаў культуры раёна.

Як аб’яднаць моладзь і старэйшае пакаленне, зацікавіць людзей народнымі традыцыямі, расказала загадчыца Дварэцкага дома культуры і народнай творчасці Людміла Баклушына.

Па меркаванні загадчыцы Новаяльнянскай гарпасялковай бібліятэкі Анжалікі Вабішчэвіч, такія ўстановы павінны стаць не толькі цэнтрам чытання, але і месцам сустрэч, сумеснага баўлення вольнага часу і калектыўнай творчасці.

Пра вопыт і перспектывы музейнай работы паведаміла дырэктар Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Вольга Цюшляева.

Дырэктар Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў Ала Барысенка акцэнтавала ўвагу на ключавой ролі кадраў у рабоце ўстановы, расказала, як “прыжыліся” ў раёне маладыя спецыялісты і каго ўстанова чакае ў бліжэйшы час.

Ігар Кухарэвіч падвёў вынікі сустрэчы і даў ацэнку дзейнасці ўстановаў культуры раёна. Ён адзначыў той факт, што, нягледзячы на значныя поспехі і дасягненні ў гэтай сферы, ёсць і істотныя недапрацоўкі. Найперш яны тычацца ўзроўню і грунтоўнасці падрыхтоўкі мерапрыемстваў. Напрыклад, брэндавае свята Дзятлаўшчыны “Зецельскі фэст” павінна развівацца, мяняць фармат і метады падачы, а не заставацца на першапачатковым узроўні. Па яго словах, рыхтавацца да ключавых падзей неабходна на працягу ўсяго года.

– Паказчыкам выніковасці і паспяховасці работы ўстановаў культуры з’яўляецца зацікаўленасць гледачоў у мерапрыемствах і масавасць іх наведвання, – заўважыў Ігар Станіслававіч. – У сферы культуры ўсім варта навучыцца працаваць без фармалізму.

Таксама ён засяродзіў увагу на падрыхтоўцы канцэртных праграм да дзяржаўных і прафесійных святаў, патрабуючы больш грунтоўнага падыходу да сцэнарыя і рэпертуару.

Што тычыцца сферы музычнай адукацыі, тут важна адштурхоўвацца ад інтарэсаў саміх дзяцей і іх законных прадстаўнікоў, улічваць не толькі жаданне займацца, але і схільнасці. Намеснік старшыні райвыканкама заклікаў усіх, хто задзейнічае школьнікаў у пазакласнай дзейнасці і аб’яднаннях па інтарэсах, цесна супрацоўнічаць з установамі агульнай і спартыўнай адукацыі.

Не менш важнае для ўсіх установаў культуры – трансліраваць вынікі сваёй дзейнасці праз месенджары, каналы і інтэрактыўныя платформы, супрацоўнічаць з раённай газетай “Перамога”, абласнымі і рэспубліканскімі медыя.

Фіналам Савета стала прыемная місія, якую выканала Вольга Рагачова: яна ўручыла ўзнагароды за паспяховую работу па выніках мінулага года. Таксама за актыўнае і плённае супрацоўніцтва, творчы падыход да асвятлення дзейнасці сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці быў адзначаны калектыў газеты “Перамога”.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga