ААТ “Граніт-Агра” адзначыла юбілей (+відэа)

Галоўнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

29 лістапада 70-годдзе з дня заснавання адзначыла адкрытае акцыянернае таварыства “Граніт-Агра”.

Павіншаваць гаспадарку з юбілеем сабралася шмат гасцей. На ўрачыстасць прыехалі старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Дубовік, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч, першы сакратар раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “БРСМ” Кацярына Хілімончык. Запрашэнне на ўрачыстасць атрымалі партнёры гаспадаркі – прадстаўнікі Слонімскага мясакамбіната, Дзятлаўскага сыраробнага завода, Новаяльнянскага камбіната хлебапрадуктаў. А благаславіць працаўнікоў на далейшую плённую працу прыбылі святары – айцец Валерый з Наваельні і ксёндз Віктар з Раготна. Свае віншаванні падрыхтавала для землякоў і старшыня Данілавіцкага сельвыканкама Ганна Жых.

У святочнай зале Лапушанскага клуба – ветэраны вытворчасці, перадавыя працаўнікі, хто сваёй працай на працягу многіх гадоў мацаваў гаспадарку і сёння працуе на карысць сельгаспрадпрыемства. Прысутнічаюць і былыя кіраўнікі гаспадаркі – Сямён Макарэвіч, Міхаіл Манько, Станіслаў Лычкоўскі. Кожнаму з іх ёсць што прыгадаць.

Невялікі экскурс у гісторыю

2 лістапада 1949 года ў вёсцы Лапушна адбыўся першы сход, на якім была створана сельскагаспадарчая арцель імя Шверніка. У арцель увайшлі 13 сем’яў. Старшынёй быў абраны Аляксандр Крукоўскі. На сходзе быў прыняты і статут гаспадаркі.

Такія ж арцелі былі ўтвораны ў Кузьмічах, Уланаўшчыне, Зарой, Барышыне, Лезнявічах. У 1951 годзе ўсе арцелі былі аб’яднаны ў адну буйную гаспадарку – калгас імя Шверніка з цэнтрам у вёсцы Лапушна, і ўзначаліў яе Дзмітрый Аладка. На 1 студзеня 1952 года калгас налічваў 468 двароў. Праз шэсць гадоў назва была зменена – гаспадарка стала называцца “Радзіма”.

Рэарганізацыя раёнаў паўплывала ў 1963 годзе і на калгаснае жыццё: адбылося ўзбуйненне і гаспадарку пад новай назвай “Гвардыя” ўзначаліў Расціслаў Літавар.

Пазней калгасам на працягу 23 гадоў кіраваў Сямён Макарэвіч. Назву “Граніт-Агра” гаспадарка займела ў ліпені 2003 года. У лютым 2012 года на чале калектыву стаў Станіслаў Мазур.

У “Граніт-Агра” цяпер працуюць 443 чалавекі, 78 – моладзь. Пераважная большасць з іх занята у жывёлагадоўлі і механізацыі.

На пачатку ўрачыстасці прысутных павітаў кіраўнік гаспадаркі Станіслаў Мазур. Ён спыніўся на тых дасягненнях, з якімі сельгаспрадпрыемства прыйшло да свайго юбілею.

Станіслаў Станіслававіч пажадаў працаўнікам далейшых поспехаў, дабрабыту, здароўя і працоўнага настрою. Ён выказаў упэўненасць, што “Граніт-Агра” і надалей будзе моцным калектывам, лідарам не толькі ў раёне, а і ў вобласці ды краіне.

Да віншаванняў далучыліся шматлікія госці, якія прывезлі ўзнагароды і падарункі.

Старшыня райвыканкама Аляксандр Дубовік павіншаваў таварыства з 70-годдзем і ўручыў Ганаровыя граматы і Падзячныя пісьмы лепшым працаўнікам-гранітаўцам. Узнагародамі адзначаны ветфельчар Ірына Майсейчык, брыгадзір малочнатаварнага комплекса “Касцюкі” Уладзімір Дворык, трактарыст-машыніст Дзмітрый Рой, жывёлавод Міхаіл Амелька.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі ў сваім прывітальным слове адзначыў поспехі сельгаспрадпрыемства не толькі ў вытворчасці, а і ў спорце, турызме. І так трымаць надалей! Затым ён ўручыў Ганаровыя граматы раённага Савета дэпутатаў вадзіцелю Віктару Гукішу, аператару па штучным асемяненні Але Бандарэнка, аператару машыннага даення Валянціне Турчэнік, а Падзячныя пісьмы – токару Мікалаю Станцэлю і рабочаму-рамонтніку Валерыю Грыцуку.

Ад раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь” і “БРСМ” калектыў ААТ “Граніт-Агра” павіншавалі з юбілеем і ўручылі ўзнагароды іх кіраўнікі — Ігар Кухарэвіч і Кацярына Хілімончык. Яны пажадалі працаўнікам здароўя і бадзёрасці, дабрабыту — сем’ям, а гаспадарцы – быць моцнай і паспяховай.

У час урачыстасці былі ўшанаваны ветэраны гаспадаркі, лепшыя па прафесіі за 2019 год. Вялікую групу працаўнікоў заахвоціў падзякамі і прэміямі прафкам сельгаспрадпрыемства.

З нагоды юбілею працаўнікі і ветэраны, якія прысутнічалі на ўрачыстасці, атрымалі і музычныя падарункі. Святочны настрой стваралі і мясцовыя, і прыезджыя артысты. Выступілі перад гранітаўцамі спевакі Дзяніс Дзямідаў, Ганна Шаркунова, танцоры групы “Батэрфляй”, саксафаніст Фёдар Малікін, мясцовы гурт народнай песні “Суседачкі”.

 

Іна ЯЎСЕЙЧЫК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ



Теги: