Сезон пачынаецца з тэхагляду

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

15 лютага на Дзятлаўшчыне стартавалі мерапрыемствы па правядзенні дзяржаўнага тэхнічнага агляду сельскагаспадарчай тэхнікі.

Да 1 студзеня быў зацверджаны і даведзены графік, згодна з якім усе сельскагаспадарчыя суб’екты павінны прайсці гэту працэдуру да  10 сакавіка. Абавязковаму тэхагляду падлягаюць калёсныя трактары, прычэпы, пагрузчыкі і іншая самаходная тэхніка.

– Дзяржаўны тэхнічны агляд – комплекс мерапрыемстваў, які кожны год праводзіцца сіламі інспекцыі дзяржтэхнагляду і ўпраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама, каб не дапусціць да дарожнага руху транспартныя сродкі з няспраўнасцямі, – адзначыў начальнік інспекцыі дзяржтэхнагляду Дзятлаўскага раёна Аляксандр Шундрык. – Кожны год гэта работа насычаная, складаная, абмежаваная па часе. Не за гарамі пасяўная кампанія, і сельгастэхніка павінна быць не толькі эфектыўнай у палявых работах, але і бяспечнай для дарожнага руху.

На балансе сельгаспрадпрыемстваў раёна і льнозавода – каля 310 трактароў, 64 пагрузчыкі і 178 трактарных прычэпаў. Менш чым за месяц усе яны павінны прайсці дзяржаўны тэхнічны агляд.

Аляксандр Аляксандравіч заўважыў, што не ўсім гэта ўдаецца зрабіць з першага разу. Зыходзячы з вопыту мінулых гадоў, асноўнымі прычынамі нядопуску да дарожнага руху ён назваў няспраўнасці ў рулявым кіраванні, светлавой сігналізацыі і тармазной сістэмы.

Штогадовы тэхагляд на Дзятлаўшчыне пачаўся ў мехдвары аднаго з вядучых сельгаспрадпрыемстваў раёна – ААТ “Граніт-Агра”. Для правядзення праверкі начальнік інспекцыі прыбыў сюды разам з галоўным спецыялістам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Сцяпанам Вольскім.

– Практычна ў кожным сельгаспрадпрыемстве працэдура тэхнічнага агляду праводзіцца ў два этапы, паміж якімі прамежак часу ў два тыдні, – патлумачыў Аляксандр Шундрык. – З аднаго боку, фізічна мы не можам праверыць увесь машынна-трактарны парк за адзін дзень, з другога – у прадпрыемства ёсць час на выпраўленне недапрацовак, выяўленых у першы дзень. Вопыт паказвае, што дзяржтэхагляд у прадпрыемствах раёна мы завяршаем з допускам да ўдзелу ў дарожным руху 95-98 % тэхнікі.

На Дзятлаўшчыне зарэгістраваны каля 2450 адзінак тэхнікі. Акрамя сельгаспрадпрыемстваў раёна, яны працуюць у Дзятлаўскім ПМС, лясгасе, РУП ЖКГ і іншых арганізацыях. Каля 1000 трактароў, прычэпаў, самаходных машын знаходзяцца ва ўласнасці фізічных асобаў, яны таксама абавязкова падлягаюць працэдуры дзяржтэхагляду.

– Жыхары раёна, якія жадаюць прайсці дзяржтэхагляд, могуць прадастаўляць сваю тэхніку разам з прадпрыемствам, дзе гэтыя мерапрыемствы праходзяць згодна з графікам. Пазнаёміцца з ім можна на сайце райвыканкама, – растлумачыў Аляксандр Шундрык. – Радуе, што некаторыя арганізацыі і прадпрыемствы выказалі жаданне прайсці тэхагляд датэрмінова. Гэта КСУП “Хвінявічы”, КСУП “Жукоўшчына”, Дзятлаўскае ПМС. У сувязі з прагназуемым надыходам ранняй вясны яны ўжо сёння рыхтуюцца да палявых работ. Таксама любая арганізацыя можа звярнуцца ў райвыканкам з запытам на правядзенне тэхагляду ў больш ранні тэрмін, мы ідзём насустрач. Мяркую, работу па правядзенні дзяржтэхагляду на прадпрыемствах раёна мы завершым своечасова і з добрымі вынікамі.

Галоўны інжынер ААТ “Граніт-Агра” Андрэй Падліпскі расказаў, што тэхагляд на іх прадпрыемстве праходзяць 64 трактары, 2 адзінкі дарожна-будаўнічай тэхнікі, самаходны энергетычны сродак на шынах-абалонках нізкага ціску, 9 пагрузчыкаў і 51 трактарны прычэп.

За кожны з іх адказвае вадзіцель або механізатар, які на момант тэхагляду павінен мець вадзіцельскае пасведчанне адпаведнай катэгорыі і медыцынскі дазвол на кіраванне транспартам. Як адзначыла кіраўніцтва “Граніта”, у іх працуюць вопытныя высокакваліфікаваныя механізатары: каля 90 % з іх маюць першы клас прафесійнага майстэрства, гэта значыць, валодаюць не менш як чатырма вадзіцельскімі катэгорыямі і маюць узорны паслужны спіс.

– Мы пастараліся арганізаваць свой вытворчы працэс такім чынам, каб 50 % машынна-трактарнага парку прайшло тэхагляд сёння і 50 % у сакавіку, у другі дзень агляду, – расказаў Андрэй Пятровіч. – Ускладняе працэс тое, што тэхніка размешчана на трох вытворчых участках, кожны з якіх мы наведаем разам з інспектарамі. Уся тэхніка, прадстаўленая да агляду, спраўная і камплектная: яна прайшла грунтоўную падрыхтоўку, рамонт, праверку ўсіх сістэм, звярталася ўвага і на знешні выгляд.  Як і належыць, усе машыны ўкамплектаваны вогнетушыцелямі, аптэчкамі, пры неабходнасці – супрацьадкатнымі ўпорамі.

Першыя дні правядзення дзяржтэхагляду паказалі, што аграрыі раёна адказна ставяцца да падтрымання спраўнага стану даверанай ім тэхнікі. Ужо сёння яны рыхтуюцца да насычанай і выніковай новай сельскагаспадарчай кампаніі.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga