Парта школьная мне сніцца…(+відэа)

Галоўнае Грамадства

Першая субота лютага – марозны зімовы вечар, напоўнены цёплымі сустрэчамі.

Гэта дата аб’ядноўвае выпускнікоў, якія вяртаюцца ў родную школу праз гады, каб пабачыць аднакласнікаў і настаўнікаў, яшчэ раз сказаць “дзякуй” сваёй першай навучальнай установе за добры старт у жыццё.

Гэтым вечарам у сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава сабраліся выпускнікі, якія скончылі 11 клас у 1993, 1998, 2003, 2008, 2013 і 2018 гадах. Дарослыя людзі вярнуліся ў свет свайго дзяцінства, прайшлі па калідорах, па якіх некалі беглі навыперадкі ў сталовую, зазірнулі ў кабінеты, дзе вучыліся пісаць, чытаць, выказваць свае думкі і сябраваць. Кожны з іх даўно атрымаў свой білет у жыццё, аднак тут засталася самая шчаслівая пара дзяцінства.

У школьнай актавай зале іх чакала маладое пакаленне навучэнцаў, якое падрыхтавала для гасцей традыцыйную канцэртную праграму. Жарты і песні, відэазвароты і шчырыя пажаданні, сюрпрзы і кур’ёзныя ўспаміны – усяго было багата гэтым вечарам.

Як гасцінны гаспадар, прысутных павітаў дырэктар школы Іван Кібінь. Ён помніць кожнага выпускніка навучальнай установы, рады бачыць усіх, як добрых знаёмых.

– Вы – нашы выпускнікі, нашы дзеці, якія забралі з сабой часцінку нашых з педагогамі ведаў, пачуццяў, усяго таго, што мы стараліся ўкласці ў вас на працягу школьных гадоў. Сёння разам з усёй краінай мы раздзяляем гэта агульнае на ўсіх свята сустрэчы з мінулым,  сябрамі, з добрымі ўспамінамі, – сказаў Іван Збышкавіч.

На працягу вечара кожны выпуск меў свой зорны час на школьнай сцэне, каб чарговы раз выказаць асаблівыя словы ўдзячнасці педагогам і роднай альма-матар. Выпускнікі падзяліліся сваімі эмоцыямі ад сустрэчы.

Аксана Марозава, выпуск 1993:

– Мы прадстаўнікі пятага, юбілейнага выпуску гэтай школы. Наша ўнікальнасць у тым, што на той час мы былі адзіным у гісторыі школы спартыўным класам. Я сама жыву ў Лідзе, у роднай школе даўно не была, таму для мяне тут усё новае, нязвыклае, да ўсяго стаўлюся з асцярожнасцю. Вельмі цікава і хвалююча было пабачыць аднакласнікаў, не ўсіх пазнала адразу, але была вельмі рада бачыць кожнага. Сённяшняя сустрэча даказала: колькі б ні прайшло часу, мы ўсё той жа вясёлы і гарэзлівы 11 “А”.

Андрэй Кардаш, выпуск 1998:

– Заўсёды прыемна бачыць аднакласнікаў, якія за школьныя гады сталі роднымі. Праз 25 гадоў пасля школы гляджу на іх і разумею, што яны быццам і не змяніліся за гэты час. Кожны з нас займае сваю прыступку ў грамадстве, мае ўласную сям’ю і дасягненні, але сёння мы – проста вучні, якія вярнуліся ў школу свойго дзяцінства. Хачу падзякаваць педагогам за веды, цярпенне і падтрымку. Яны заклалі ў сваіх вучняў моцны фундамент, а вось што пабудаваць на ім – залежыць ад кожнага з нас.

Выпускнікі 2018 года:

– Вельмі рады, што з’явілася нагода зноў вярнуцца ў школу, не чакалі, што за пяцігоддзе тут так шмат змянілася знешне. Але засталася тая атмасфера, якую мы ўсе любілі, нашы дарагія настаўнікі, класныя кіраўнікі. Гэтым вечарам будзем рады ўзгадаць з імі лепшыя школьныя моманты.

 

Вечары сустрэчы з выпускнікамі прайшлі ва ўсіх школах Дзятлаўшчыны.

 

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga