Куды цячэ ручай гною?

Важнае Грамадства

Усе мы ведаем прапісную ісціну, што парадак пачынаецца з уласнага дома.

А каб суб’екты гаспадарання не забывалі, што Дзятлаўшчына – наш агульны дом, дзе важна падтрымліваць чысціню, аб гэтым ім нагадваюць прадстаўнікі наглядных органаў. Начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Дзмітрый Балькоўскі расказаў пра вынікі праверкі малочнатаварных фермаў, комплексаў раёна і першыя прадпісанні:

– Маніторынгі па навядзенні парадку на зямлі і ўтрыманні прыфермавых тэрыторый у Дзятлаўскім раёне пачаліся на мінулым тыдні і прадаўжаюцца дагэтуль. Мы наведалі 18 жывёлагадоўчых фермаў у ААТ “Дварэц-Агра”, КСУП “Жукоўшчына”, КСУП “Хвінявічы”, СГФ “АграМілк”. У час інспекцыі ўвагу звярталі на захоўванне арганічных угнаенняў і стан гноясховішчаў, фіксавалі наяўнасць гноеўтрымліваючых сцёкаў на прылеглую тэрыторыю, якія прыводзяць да забруджвання навакольнага асяроддзя. Не абышлі ўвагай складзіраванне на зямлі каля фермаў зношаных шын, поліэтыленавай плёнкі, іншага бытавога і будаўнічага смецця.

– Ці ўсе падтрымліваюць парадак?

– Калі казаць пра папярэднія вынікі маніторынгу, то ў пераліку парушальнікаў лідзіруе ААТ “Дварэц-Агра”. На іх “рахунку” толькі за мінулы тыдзень 12 прадпісанняў. На момант праверкі там яшчэ не праводзіўся вываз арганічных угнаенняў, гноясховішчы на ўсіх правераных аб’ектах знаходзіліся ў нездавальняючым стане. Вылучыць ферму, дзе сітуацыя была б хоць крыху лепшай, не прадстаўляецца магчымым. Аднак кіраўніцтва гаспадаркі запэўніла, што гэтымі пытаннямі ўжо займаюцца і выправяць плачэўную сітуацыю. Недалёка ад папярэднікаў адышлі і ў КСУП “Жукоўшчына”, яны атрымалі 11 прадпісанняў, мусяць іх выканаць. Істотна лепшая карціна па навядзенні парадку ў КСУП “Хвінявічы”. Там арганічныя ўгнаенні практычна ў поўным аб’ёме вывезены на палеткі, працуе тэхніка па адкачцы сцёкавых вод з малочнага блока, вядзецца работа па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Разам з тым, былі заўвагі па несанкцыянаваным захоўванні поліэтылену і аўтамабільных шын.

– Якія высновы з праверак будуць зроблены?

– Маніторынг прадаўжаецца, усе сельскагаспадарчыя аб’екты раёна будуць правераны, вынікі ацэнены. Калі прадпісанні, якія мы даём пасля кожнага візіту, не будуць выкананы ў вызначаны тэрмін, для гаспадарак і іх кіраўнікоў надыдзе час адказваць за ўсе парушэнні. Ступень забруджвання навакольнага асяроддзя вызначыць лабараторыя аналітычнага кантролю, што паўплывае на памер штрафаў. У адносінах да службовых асобаў яны вар’іруюцца да 30 базавых велічыняў, на юрыдычную асобу – да 500. За незаконнае размяшчэнне адходаў сума штрафу на юрыдычную асобу можа даходзіць да 1000 базавых велічыняў.

–  Што важна рабіць і чаго пазбягаць самім дзятлаўчанам?

– Не за гарамі вясна, і людзі “па старынцы” возьмуцца ачышчаць прысядзібныя ўчасткі, спальваць сухую расліннасць. Заклікаю ўстрымацца ад гэтага небяспечнага занятку, які да таго ж караецца законам. Кантраляваць сітуацыю мы будзем разам з ратаўнікамі раёна. Таксама звярніце ўвагу на стан уласных падворкаў і прылеглых да іх земляў: на тэрыторыі агульнага карыстання нельга складзіраваць смецце, рэчы, будаўнічыя матэрыялы, за гэта таксама можна атрымаць штраф. Не парушайце закон, любіце сваю зямлю і беражыце яе для сябе і нашчадкаў.

Наталля АВЯРЧУК
Фота прадастаўлены раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga