Дзятлаўчане падтрымалі прапанову стварэння партыі “Белая Русь”

Важнае Грамадства

У Дзятлаве адбыўся ўстаноўчы сход па стварэнні партыі з працоўнай назвай “Беларуская партыя “Белая Русь”.

У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі працоўных калектываў прадпрыемстваў і арганізацый розных сфер: прамысловасці, транспарту, сельскай гаспадаркі, медыцыны, культуры, адукацыі, гандлю, а таксама мясцовай улады, актывісты грамадскіх аб’яднанняў.

Звяртаючыся да прысутных у зале, намеснік старшыні райвыканкама, лідар раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Ігар Кухарэвіч адзначыў:

– Неабходнасць стварэння палітычнай партыі ў нашай краіне адчувалася ўжо даўно, і для вырашэння гэтай задачы былі зроблены канкрэтныя крокі, падрыхтаваны пэўны падмурак. Беларусь сёння знаходзіцца ў сітуацыі выкліку, які кінуты з боку знешніх сіл, асабліва недружалюбных у дачыненні да нашай краіны, і ў гэтым сэнсе наша беларускае грамадства і дзяржава павінны быць знітаванымі, адзінымі, арганізаванымі, нацэленымі на абарону сваёй краіны, нацыянальных інтарэсаў.

Тая дзейнасць, якую мы з вамі пачынаем весці, з’яўляецца актуальнай і запатрабаванай для нашай краіны. І калі казаць аб тым, якой мы бачым палітычную партыю, скажу: па-першае, якая займае цэнтр палітычнага спектра. Гэта не партыя крайнасці, яна не выказвае інтарэсы адной, хай нават важнай, сацыяльнай групы, гэта партыя, якая будзе выказваць інтарэсы беларускага народа як адзінага цэлага. Таму мы прапануем у якасці ідэалогіі ствараемай палітычнай партыі не прымаць ідэалогію нейкую класічную, як лібералізм, кансерватызм, сацыял-дэмакратыя і гэтак далей, а прыняць ідэалогію беларускай дзяржаўнасці, якая выказана ў нашай Канстытуцыі і ў цэлым шэрагу ідэйных сэнсаў, дакументаў, пасылаў, якія існуюць, развіваюцца ў нашай краіне.

Ігар Станіслававіч удакладніў, што Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Белая Русь” не трансфармуецца ў партыю і не сыходзіць з грамадскай прасторы. Яно застаецца, працуе, будуць працягнуты рэалізацыя праектаў, рашэнне задач, якія стаяць перад аб’яднаннем. Яно будзе рухаючай сілай пабудовы партыі, пры гэтым застанецца адкрытым для любога грамадзяніна нашай краіны.

Сход у адкрытым галасаванні падтрымаў неабходнасць стварэння новай палітычнай партыі ў Беларусі і выбраў дэлегатаў на ўстаноўчы з’езд, які пройдзе ў Мінску 18 сакавіка.

Па заканчэнні сходу мы пацікавіліся меркаваннем некаторых удзельнікаў-дэлегатаў аб перспектывах дзейнасці новай партыі ў Беларусі.

Вольга Рагачова, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, дэлегат устаноўчага з’езда:

– Без супольнасці аднадумцаў выжыць у сучасным свеце вельмі і вельмі няпроста. Таму лічу, што патрыётаў нашай краіны павінна аб’яднаць партыя. Тым больш што прававая аснова для гэтага ёсць. Партыя выступіць гарантам сацыяльнай справядлівасці, будзе выказваць волю народа, а яе мэтай стане непахіснасць нашай дзяржавы. Толькі сумеснымі намаганнямі можна дасягнуць стабільнасці, росквіту і поспеху.

Дзмітрый Баравік, намеснік старшыні райвыканкама, дэлегат устаноўчага з’езда:

– Сёння нельга быць па-за палітыкай, у прыватнасці, калі ў нашай краіне гэты год аб’яўлены Годам міру і стварэння. Міжнародная абстаноўка складаная. 2020 год таксама наклаў свой адбітак на грамадства. Я лічу, што павінна быць сіла, якая кансалідуе грамадзян, аб’яднае іх для канструктыўнай дзейнасці на карысць развіцця краіны. Таму я толькі за. Думаю, што значная частка жыхароў нашага раёна стануць удзельнікамі Беларускай партыі “Белая Русь”.

Ірына КАМАРОВА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: