Дзелавы панядзелак. Аналіз гатоўнасці тэхнікі і арганізацыя летняга адпачынку

Важнае Улада

Штотыднёвая нарада старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага ў гэты панядзелак пачалася з “разбору” сельскай гаспадаркі.

Да 1 сакавіка вярнуцца ў графік

Рамонт тэхнікі як пасяўной, так і кормаўборачнай у сельгаспрадпрыемствах раёна вядзецца з адставаннем ад графіка. Адразу адзначым, што не па ўсіх пазіцыях. Напрыклад, работа з энерганасычанымі трактарамі не выклікае трывогі. Між тым, з 42 машын для ўнясення цвёрдых арганічных угнаенняў адрамантаваны 35; па падрыхтоўцы да вясновых работ трактараў адставанне складае адзін працэнт да ўзроўню мінулага года; у парадак прыведзена 18 адзінак кормаўборачнай тэхнікі з 32.

– Эфектыўная сельскагаспадарчая вытворчасць сёння грунтуецца на інтэнсіўных тэхналогіях і высоканадзейных тэхнічных сродках. Пры гэтым на Дзятлаўшчыне мы робім стаўку як на закупку новай тэхнікі, так і на аднаўленчы рамонт. Не так многа рэальных прычын, фінансавых або несвоечасовай пастаўкі дэталяў, каб была замінка па рамонце. Даю два тыдні вярнуцца ў графік, – падкрэсліў Андрэй Садоўскі.

Таксама Андрэй Уладзіміравіч акцэнтаваў увагу на раскарчоўцы старога саду ў Жукоўшчыне і абрэзцы тут пладаносных дрэваў з мэтай стымуляцыі галінавання, вегетатыўнага росту, якія забяспечваюць ранняе ўступленне ў плоданашэнне. Работы павінны быць завершаны да пачатку сакавіка.

Узнялі некаторыя пытанні па раслінаводстве: цяпер аб’ём назапашвання мінеральных угнаенняў у сельгаспрадпрыемствах раёна на 20 % перавышае ўстаноўленае заданне, праводзіцца ачыстка і закупка насення.

Не проста берагавая лінія

На нарадзе ішла размова пра калісьці папулярнае ў дзятлаўчан і гасцей горада месца адпачынку ля вады – пляж каля возера ў райцэнтры.

У апошнія гады, на жаль, гарадскі пляж страціў сваю прывабнасць для аматараў пазагараць і пакупацца. І гэты факт не застаўся незаўважаным раённай уладай – зараз адказнымі службамі выконваецца даручэнне старшыні райвыканкама па прывядзенні ў парадак і прывабны, акультураны выгляд берага возера.

Як паведаміў дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Васіль Пяцюк, ужо завершаны работы па электрыфікацыі пляжа, на мінулым тыдні сіламі жыллёва-камунальнай гаспадаркі ажыццёўлена выдаленне хмызняку. З надыходам цяпла будуць праведзены падсеў травы, арганізавана валейбольная пляцоўка, устаноўлены малыя архітэктурныя формы: арэлі, альтанка, дадатковыя навесы і нават вулічны трэнажор.

Доктар “на месцы”

Па інфармацыі праваахоўнікаў, за студзень бягучага года на Гродзеншчыне ўзбуджана некалькі крымінальных спраў па лініі эканамічнай злачыннасці, звязаных з эксплуатацыяй дарожнай тэхнікі. На гэта асаблівую ўвагу звярнулі на нарадзе.

Надвор’е сёлета “блуднае”: то дождж, то марозік – расчыстка і пасыпка пясчана-саляной сумессю праезнай часткі неабходна перыядычна. Аднак былі заўважаны выпадкі, калі снегаачышчальнікі ішлі па праезнай частцы з паднятым плугам і з выключаным раскідвальнікам. Пасля пясчана-саляную сумесь і зэканомленае паліва вадзіцелі рэалізоўвалі па сваіх каналах.

Яшчэ абмеркавалі тэму адпраўкі ў лячэбна-працоўны прафілакторый дзятлаўчан, якія злоўжываюць алкаголем. У пачатку года ў раённай бальніцы не было доктара-нарколага, што не дазволіла грунтоўна займацца гэтай катэгорыяй грамадзян. Зараз доктар “на месцы”, абследаванне і накіраванне будзе ажыццяўляцца аператыўна. Назіральныя камісіі прадоўжаць работу па выяўленні асобаў з алкагольнай і наркатычнай залежнасцю, кантраляваць якасць і ўмовы пражывання пажылых жыхароў раёна, якім прыходзіцца раздзяляць свой побыт з асацыяльнымі сваякамі.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga