Дыплом за сакрэты беларускай глыбінкі

Важнае Культура і адпачынак

22 лютага ў музеі Вялікай Айчыннай вайны горада Мінска прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскага конкурсу на лепшы культурны праект патрыятычнай тэматыкі 2022 года.

Дыпломам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у намінацыі “Лепшы інтэрактыўны клубны праект для моладзевай аўдыторыі” за сацыяльна-культурны праект “Глыбінкай жыве Беларусь” адзначаны творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Дзятлаўчане расказалі, як удалося дасягнуць поспехаў.

Ганна Харлінская, загадчыца сектара:

– Рада, што мерапрыемствы сектара ў аддаленых вёсках далі штуршок для стварэння і рэалізацыі такога важнага праекта. Выезды ў глыбінку – не проста работа з насельніцтвам і гледачом, але і магчымасць зберагчы і памножыць культурную спадчыну Дзятлаўшчыны, разам з раённай газетай пазнаёміць землякоў з лёсамі доўгажыхароў-юбіляраў, раскрыць іх асабістыя сакрэты даўгалецця і “формулы” сямейнага ладу, расказаць аб паважаных у глыбінцы людзях – вясковых старастах, павіншаваць жыхароў аддаленых і маланаселеных вёсак з каляндарнымі і народнымі святамі, правесці прафілактычныя акцыі з удзелам зацікаўленых спецыялістаў і проста назапасіць цікавых ідэй для далейшай работы.

Наш маленькі творчы калектыў, дзе поруч са мной працуюць культарганізатар Ірына Бакшук і гукааператар Марына Варган, папаўняе вялікая каманда аднадумцаў: нярэдка “жывым музычным суправаджэннем” падтрымліваюць калегі-баяністы Іван Кашко, Чэслаў Свіб, Таццяна Шостка, каб добры настрой і вясёлая песня “прыехалі” ў тыя куткі Дзятлаўшчыны, дзе адсутнічаюць свае стацыянарныя клубы, і на адрасы імяніннікаў і сямейных юбіляраў з глыбінкі. З падарункамі і віншаваннямі да творчай групы часта далучаюцца старшыня раённага савета ветэранаў Міхаіл Губар і сакратар Ядвіга Гушча, а таксама старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк, бываюць і старшыні або спецыялісты сельвыканкамаў. Мы не толькі дорым людзям зарад бадзёрасці, але і самі знаходзім сапраўдныя скарбы малой радзімы, пра якія не стамляемся расказваць. На Дзятлаўшчыне нямала цікавых людзей з лёсамі, дастойнымі мастацкай кнігі, ёсць народныя майстры і ўмельцы, якія прадаўжаюць рамёствы продкаў і ўмеюць ствараць уласнымі рукамі сапраўдныя шэдэўры народнага мастацтва. Даведацца пра іх, знайсці вартых адрасатаў для новых “вандровак” праекта нам дапамагаюць вясковыя старасты, з якімі падтрымліваем цесныя сувязі. Я ўпэўнена, што беларуская вёска – гэта невычэрпная крыніца творчасці і першапачынальніца многіх нацыянальных традыцый і абрадаў. Яшчэ не ўсе сакрэты беларускай глыбінкі разгаданы, а таму работа над праектам будзе прадоўжана. У гэтым калектыў сектара падтрымлівае і загадчыца метадычнага аддзела раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Марына Лукіянец. Менавіта яна падштурхнула нас да падачы заяўкі на конкурс, дапамагала з афармленнем праекта, накіроўвала, падказвала і ўпэўнена вяла да перамогі.

Марына Варган, гукааператар:

– Да пачатку работы над праектам нават не ўяўлялі сабе, што на Дзятлаўшчыне так шмат доўгажыхароў, гатовых дзяліцца сакрэтамі даўгалецця. Напрыклад, Юлію Гульнік сёлета віншавалі са 105-годдзем. Работа сектара запатрабавана, бо атрымліваем шмат званкоў-запрашэнняў. Дзякуючы выездам, назапашваем цікавую інфармацыю, якую праз раённую газету і сайт выдання, а таксама старонкі сектара ў сацыяльных сетках імкнёмся данесці да моладзі. Дзятлаўшчына багатая на таленты, самабытных майстроў, моцныя сямейныя пары з “важкім стажам” сумеснага жыцця, якія пражылі душа ў душу і могуць падзяліцца з малодшым пакаленнем лепшымі сямейнымі традыцыямі, сакрэтамі ладу і дабрабыту, стаць дастойным прыкладам у жыцці. Лічу, што работа над праектам “Глыбінкай жыве Беларусь” карысная для ўсяго раёна і даўно выйшла за яго межы, выклікаючы цікавасць у многіх людзей – пра гэта сведчаць водгукі пасля кожнай публікацыі на нашай старонцы ў Instagram, якую вядзе рэдактар Таццяна Палуносік.

Ірына Бакшук, культарганізатар:

– Прыемна, што землякі з аддаленых вёсак сустракаюць нас з дабрынёй і цяплом. Вяскоўцы заўсёды ўмелі весяліцца, спяваць, танцаваць, у беларускай глыбінцы падтрымліваюцца традыцыі самабытнай нацыянальнай культуры, якія робяць нас адметнымі. Нават у шаноўным узросце людзі не страцілі гэтай цудоўнай здольнасці заўважаць прыгажосць і радавацца жыццю. Мы даведаліся шмат цікавых рэцэптаў народных страваў і выпечкі хлеба. Некаторыя з іх я нават паспела сама апрабаваць як гаспадыня, пачаставаць калег. Лічу, што ў вёсках Дзятлаўшчыны жыве яшчэ шмат дастойных працаўнікоў, самабытных майстроў, проста цікавых людзей, якія могуць быць годным прыкладам для пераймання, а таму пра іх трэба расказваць моладзі. Работа над праектам прадаўжаецца.

Ірына СТЫРНІК
Фота прадастаўлена ўдзельнікамі ўрачыстасці

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga