Тэхнічныя навінкі: калекцыя зіма – лета

Важнае Грамадства

Сфера жыллёва-камунальнай гаспадаркі працуе 24/7 без паўзаў і пераносаў, каб людзям заўжды было ўтульна, камфортна і бяспечна.

Галоўным рэсурсам службы застаюцца яе работнікі, аднак і без спецыяльных машын у рабоце камунальнікаў не абысціся. Дзякуючы фінансавай дапамозе з раённага бюджэту, летась машынна-трактарны парк Дзятлаўскага РУП ЖКГ папоўніўся важнымі “абноўкамі”.

У 2022 годзе былі праведзены тэндары і набыты 5 адзінак абсталявання. Сярод іх – пескараскідвальны рум на базе трактара МТЗ, які ўжо прыбыў у распараджэнне Казлоўшчынскага ўчастка РУП ЖКГ і актыўна эсплуатуецца ў галалёд для пасыпкі аўтадарог пясчана-салявой сумессю. Прычапная касілка, якая ў бліжэйшы час прыбудзе ў Дзятлава, таксама прызначана для работы на базе трактара. Асаблівасць агрэгата ў тым, што з дапамогай яго можна касіць не толькі роўныя паверхні, але “пераламаныя” плоскасці: ён прыйдзецца дарэчы для абкошвання ўзбочын аўтамабільных дарог.

Не менш важнай для ўсіх дзятлаўчан стала і бочка аб’ёмам 2 тоны з мотапомпай, каб у экстранным выпадку пры перабоях у водазабеспячэнні людзі маглі атрымаць ваду. У астатні час яна будзе выкарыстоўвацца для паліву гарадскіх кветак, што не можа не радаваць работніц участка азелянення жылкамунгаса.

І, нарэшце, для павышэння якасці і зручнасці сезонных работ па абкошванні зялёных участкаў у райцэнтры і пасёлках былі набыты дзве ручныя бензакасілкі “Husqvarna”, якія ў новым сезоне пройдуць выпрабаванне на справе.

– У мінулым годзе ўлады Дзятлаўшчыны падтрымалі нас: было выдзелена 73 тысячы рублёў з раённага бюджэту на закупку тэхнікі. На сёння ўсе пакупкі аплачаны і ў бліжэйшы час будуць дастаўлены ў раён. Адна з іх – пескараскідвальны рум ужо працуе па прызначэнні, – рапартуе дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Васіль Пяцюк. – Супрацоўніцтва камунальных службаў і райвыканкама вядзецца на пастаяннай аснове, штогод агульнымі фінансавымі і працоўнымі  рэсурсамі мы рэалізуем шэраг маштабных праектаў. Толькі ў 2022 годзе быў праведзены капітальны рамонт жылога дома па вуліцы Перамогі, адрамантаваны інтэрнат па вуліцы Міцкевіча, праведзена асфальтаванне вуліцы Кірава, пры непасрэдным удзеле ДРБУ-119 – мадэрнізацыя дваровай тэрыторыі на вуліцы Кастрычніцкай, адкрыта станцыя абезжалезвання ў Лапушне, распачаты работы па мантажы сістэмы асвятлення на гарадскім пляжы. Нельга забываць і пра сумесныя дабрачынныя справы: у межах праекта “Дрэва героя” разам з кіраўніцтвам раёна і моладзевым парламентам летась мы заклалі алею Памяці побач з абеліскам Славы. Упэўнены, што ў новым годзе нас чакае яшчэ нямала грунтоўных сумесных праектаў.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga