Чалавек славіцца працай. На роднай зямлі

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

На Дзятлаўшчыне шмат людзей, якія ўсё жыццё прысвяцілі рабоце на зямлі, прадаўжаючы добрую традыцыю расціць хлеб для людзей, падтрымліваць харчовую бяспеку роднай краіны.

Восень – сезон агародніны і кукурузы, на ўборцы якой заняты маладыя і вопытныя механізатары. У КСУП “Жукоўшчына” гэту культуру ўбірае на зерне Вячаслаў Малчановіч, працоўны шлях якога ў сельскай гаспадарцы вымяраецца больш чым трыма дзесяцігоддзямі. Вячаслаў Віктаравіч прадоўжыў дынастыю аграрыяў: з цеплынёй узгадвае, як некалі працаваў памочнікам камбайнера разам з бацькам. Ужо больш за дваццаць гадоў ён сам за рулём камбайна. Пачынаў на “Доне”, затым на КЗС-1218 “Палессе”, а ў мінулым годзе атрымаў для работы тэхніку, якую называюць беларускім суперкамбайнам – “Палессе GS2124” вытворчасці “Гомсельмаш”.

– Удзельнічаў ва ўборцы практычна ўсіх збожжавых і зернебабовых культур, вырашчаных на палях КСУП “Жукоўшчына”: жалі рапс, пшаніцу, ячмень, трыцікале. За час уборачнай кампаніі ўзяў без малога паўтары тысячы намалоту, – расказвае Вячаслаў Віктаравіч. – Цяпер убіраем кукурузу, ураджай відаць, што добры.

– Ці падабаецца работа? – пытаюся ў механізатара.

– А чаму ж не? Камбайн новы, працую недалёка ад дома, жыву тут, у Жукоўшчыне. Ведаю, што справа мая важная для ўсёй краіны, маю пашану ад кіраўніцтва прадпрыемства і раёна, добры заробак. Пакуль дзеці працуюць на заводах ды ў навуцы, мы тут паклапоцімся, каб у іх быў хлеб на стале.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga