Прафесійнае свята.
5 студзеня калектыў Казлоўшчынскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў наведаў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, каб павіншаваць з прафесійным святам – Днём сацыяльнага работніка.
Андрэй Уладзіміравіч выказаў шчырыя словы ўдзячнасці калектыву ўстановы за работу:
– На вас ускладзена вялікая адказнасць – дапамагаць людзям, якія маюць патрэбу ў асаблівай падтрымцы дзяржавы. Сацыяльны работнік – складаная, але неабходная грамадству прафесія, якая патрабуе не толькі ведаў, высокай кваліфікацыі, але і асаблівага душэўнага складу. Вы аказваеце дапамогу самым неабароненым катэгорыям насельніцтва, сярод якіх – пажылыя грамадзяне, інваліды, дзеці – тыя, каму вельмі патрэбны вашы цяпло і ўдзел. Ваша дзейнасць немагчыма без дабрыні, тактоўнасці, суперажывання. Ад кіраўніцтва і жыхароў раёна выказваю словы ўдзячнасці за высакародную працу, душэўную цеплыню, нераўнадушша і ўвагу, надзею, якую вы дорыце людзям! Жадаю моцнага здароўя, сіл, аптымізму, сямейнага дабрабыту і высокай ацэнкі вашых старанняў.
Андрэй Садоўскі ўручыў узнагароды работнікам дома-інтэрната: Падзячным лістом старшыні райвыканкама былі адзначаны галоўны бухгалтар Вольга Мазоль, кухонная рабочая Таццяна Аляксеева, санітаркі Валянціна Кухта і Таццяна Сідэнка.
Дырэктар дома-інтэрната Ігар Ціхан павітаў прысутных і правёў экскурс у гісторыю прафесійнага свята, павіншаваў з ім сваіх калег, якія кожны дзень самааддана і цярпліва працуюць у гэтай нялёгкай прафесіі, а таксама з надыходзячым святам Нараджэння Хрыстова, пажадаў міру, дабра і здароўя.
Жыхары Казлоўшчынскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў разам з гасцямі са Слоніма падрыхтавалі віншавальную канцэртную праграму для работнікаў установы.
Важна ведаць:
на 1 студзеня 2023 года ў сістэме сацыяльнай абароны Дзятлаўскага раёна працуюць 300 чалавек: 160 – у Казлоўшчынскім доме-інтэрнаце, 117 – у Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, 13 – ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.
За апошняе пяцігоддзе Цэнтр і ўпраўленне двойчы станавіліся прызёрамі спаборніцтваў сярод установаў сістэмы камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама. На ўліку ва ўпраўленні знаходзяцца 7636 атрымальнікаў пенсій, сярэдні памер якой па выніках мінулага года склаў больш за 605 рублёў. Адрасная сацыяльная дапамога ў 2022 годзе была аказана 729 грамадзянам на суму амаль 361 тысячу рублёў; 447 грамадзян атрымалі садзеянне ў працаўладкаванні. Таксама цэнтр аказвае сацыяльныя паслугі 501 непрацаздольнаму грамадзяніну, за якімі замацаваныя 70 сацыяльных работнікаў: тры сям’і, дзе нарадзіліся двайняты, карыстаюцца паслугамі няні.
У раёне адкрыўся шэраг сацыяльных установаў для людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе: з 2008 года функцыянуе аддзяленне кругласутачнага знаходжання ў Казлоўшчыне на 30 месцаў, з 2013 года адчынены дзверы дома самастойнага сумеснага пражывання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў на 10 месцаў, з 2019 года ў якасці прытулку для тых, хто патрапіў у складаную жыццёвую сітуацыю, функцыянуе кватэра на 4 месцы.
Наталля АВЯРЧУК
Фота аўтара
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga