Навучэнцы 10-11 класаў гімназіі № 1 горада Дзятлава ў фармаце дыялогавай пляцоўкі абмеркавалі са спецыялістамі пытанні прафілактыкі правапарушэнняў у падлеткавым асяроддзі.
У якасці экспертаў з гімназістамі сустрэліся начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС Дзятлаўскага райвыканкама Віктар Петрукевіч, намеснік начальніка камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Святлана Залучан, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.
З колам праблемных пытанняў прысутных пазнаёміла невялікая відэастужка. Тэму дапоўніў Віктар Петрукевіч:
– Падрабязней з вамі разгледзім два саставы злачынстваў, дзе нас будзе цікавіць удзел непаўналетніх, якія спрабуюць зарабіць “хуткія грошы”, – удакладніў праваахоўнік. – Па-першае, спынімся на адказнасці перад законам кур’ераў, якія дастаўляюць грошы для тэлефонных махляроў. Па-другое, разбяром меры адказнасці па наркатычных злачынствах, дзе падлеткі выконваюць ролю закладчыкаў. Пагутарым, як не трапіць пад уплыў злачынцаў і не зламаць сабе жыццё. Магчыма, для Дзятлава і нашага раёна падобныя “спосабы заробку” не актуальныя, аднак пасля заканчэння гімназіі вы прадоўжыце вучобу ў іншых гарадах, дзе можаце сутыкнуцца з незаконнымі прапановамі. Яшчэ адзін плюс сустрэчы ў тым, што інфармацыяй, якую пачуеце, зможаце падзяліцца са сваімі роднымі, у тым ліку пажылымі, патлумачыць і ім, як не стаць лёгкай здабычай для тэлефонных і інтэрнэт-махляроў.
Віктар Віктаравіч расказаў, як працуюць схемы “ваш сваяк трапіў у дарожную аварыю – неадкладна патрабуюцца грошы” і “вам тэлефануюць з банка”. Праваахоўнік яшчэ раз падкрэсліў, што супрацоўнікі міліцыі ці банка ніколі не стануць прасіць па тэлефоне пасупрацоўнічаць, узяць крэдыт або агучыць рэквізіты банкаўскай карткі. Разам з тым, гэта інфармацыя больш актуальная для дарослых з уласным даходам, а вось падлеткі без жыццёвага вопыту часцей рызыкуюць быць уцягнутымі ў супрацьзаконны бізнес у якасці кур’ераў, а пры наркадылерах – у якасці закладчыкаў, якім абяцаюць вялікія грошы. Аднак усё скончыцца вялікай бядой з пазбаўленнем волі, бо кур’еры і закладчыкі звычайна нічога не ведаюць пра сваіх “наймальнікаў”, якія часта ўвогуле дзейнічаюць з-за мяжы.
Падрабязней на пытаннях прафілактыкі распаўсюджвання наркотыкаў у падлеткавым асяроддзі спынілася Святлана Залучан:
– У наш час асноўнай крыніцай (каля 80 % ад усіх выпадкаў) распаўсюджвання псіхатропаў з’яўляюцца інтэрнэт-магазіны. Збыт незаконных рэчываў адбываецца бескантактным шляхам праз так званыя “закладкі”, за якія разлічваюцца крыптавалютай ці праз плацежныя сістэмы, мінімальна звязаныя з банкаўскай сферай. Крымінальная адказнасць за збыт наркотыкаў надыходзіць ужо з 14 гадоў. Пакаранне залежыць ад цяжкасці ўчынку, напрыклад, за захоўванне – да 5 гадоў абмежавання ці ад 2 да 5 гадоў пазбаўлення волі; за збыт – ад 3 да 15 гадоў пазбаўлення волі, а ў саставе групы ці ва ўмовах наркалабараторыі – ад 10 да 20 гадоў. Самыя цяжкія санкцыі прадугледжаны за збыт наркатычных сродкаў з прычыненнем смерці асобе, якая ўжыла наркотык, – да 25 гадоў пазбаўлення волі для збытчыка.
Прадугледжана і адміністрацыйная адказнасць, напрыклад, за збыт курыльных ці жавальных сумясяў накшталт “насвай”, “снюс”, а таксама адміністрацыйная адказнасць за ўжыванне наркатычных ці адурманьваючых сродкаў без назначэння доктара ці знаходжанне пад іх уздзеяннем у грамадскім месцы – штраф ад 5 да 15 базавых велічыняў, паўторнае ж на працягу года парушэнне ўжо караецца крымінальнай адказнасцю.
Заадно ў час дыялогавай пляцоўкі эксперты закранулі праблемы курэння і выкарыстання школьнікамі электронных цыгарэт, якія таксама наносяць значную шкоду здароўю дзяцей. Гімназісты і самі змаглі задаць хвалюючыя пытанні экспертам.
Напрыканцы размовы Віктар Петрукевіч расказаў старшакласнікам, у чым перавагі міліцэйскай прафесіі, у якіх ВНУ можна атрымаць спецыяльнасць праваахоўніка, куды звяртацца тым, хто вырашыў на яе паступаць.
Падобныя сустрэчы пройдуць і ў іншых установах адукацыі раёна.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga